Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛОШЫЦКІМ ЯРЫ АДБЫЎСЯ МІТЫНГ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ КАМУНІСТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Удзельнікі шэсьця пачалі зьбірацца апоўдні каля Палаца культуры тэкстыльшчыкаў, што месьціцца прыкладна ў паўкілямэтры ад таго месца, дзе ў 1930–40-х гадах мінулага стагодзьдзя супрацоўнікі НКВД БССР расстралялі больш як 20 тысяч чалавек.

Адзін зь лідэраў КХП БНФ Юрась Беленькі сказаў перад пачаткам шэсьця:

(Беленькі: ) "Гэта традыцыйная акцыя, яна праводзіцца ўжо ня першы год. Вядома, што тут былі забітыя выбітныя людзі нашай краіны. Сёньняшнія бальшавікі пастараліся, каб зьнішчыць гэтае месца — прыкладна так, як цяпер адбываецца зьнішчэньне Курапатаў. Калі мы хочам, каб мы былі як нацыя, як народ, калі мы хочам, каб мы былі паважанымі ў сьвеце, то мы павінны мець памяць і духоўнасьць. Мы павінны не дапусьціць новых такіх праяваў".

Тымчасам прыкладна 50 чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, пад звон набату і сьпевы рушылі ў бок Лошыцкага яру, дзе побач з гаражамі, пабудаванымі на магілах расстраляных, стаіць крыж з надпісам "Ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў".

Удзельнікі шэсьця тлумачылі свой удзел у гэтым мерапрыемстве. Гаворыць Сьвятлана Сачанка:

(Сачанка: ) "Мы павінны ведаць нашу гісторыю, павінны паважаць яе. Без гісторыі ня будзе будучыні. Вось таму я й бяру ўдзел".

А вось меркаваньне Алеся Швайко:

(Швайко: ) "Памяць аб нашых продках не павінна загінуць, не павінны гэтыя ўлады яе зьнішчыць. І калі мы памятаем нашых продкаў, значыць, мы жывем".

Праз паўгадзіны калёна ў суправаджэньні некалькіх міліцыянтаў падышла да Лошыцкага крыжа, дзе адбыўся кароткі жалобны мітынг, на якім выступіў сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал:

(Буйвал: ) "Калі ўладарылі бальшавікі, яны рабілі ўсё, каб зьнішчыць нашыя сапраўдныя сьвятыні — магілы нашых праведнікаў, нашых пакутнікаў, нашых продкаў. Цяпер мы назіраем, што на нашу зямлю вяртаецца брудная хваля разбурэньня нашай памяці — пад пагрозай Курапаты. І менавіта з нашымі продкамі, з нашай памяцьцю мы супрацьпаставімся гэтай чорнай навале. І няма сумневу, што мы пераможам і будзем нармальна жыць на нашай зямлі".

Удзельнікі акцыі ўсклалі да крыжа кветкі, запалілі сьвечкі й прасьпявалі патрыятычныя ды рэлігійныя песьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG