Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ТАЛЕНТЫ НА ЭМІГРАЦЫІ: НЕЗВАРОТНЫЯ СТРАТЫ


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Валянцін Пралат, Юры Лікін, Алег Патлацій.

Час панаваньня дыктатуры для Беларусі адгукнецца многімі незваротнымі стратамі. Татальная ідэалёгія найперш руйнуе культуру. Краіну вымушаны пакідаць таленавітыя людзі. А тыя, хто ад’ехаў раней, ня маюць куды вяртацца.

Некаторым зь беларускіх інтэлігентаў дала прытулак чэская Прага.
Імя вядучага тэнара Праскай опэры Валянціна Пралата шырока вядома ў Чэхіі. Але мала хто з аматараў опэрных сьпеваў ведае пра тое, што чэскае опэрнае мастацтва годна прэзэнтуе чалавек, для якога знакаміты музычны цыкль “Радзіма” Бедржыха Сьметаны выклікае асацыяцыю не зь імкліваю Влтаваю, а зь ціхай плыньню беларускіх рэчак.

Валянцін Пралат родам зь вескі Гарадок Маладзечанскага р-ну, працуе у Празе больш за10 гадоў.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Валянцін, як для вясковага хлапчука пачынаўся шлях у вялікае мастацтва?

(Пралат: ) “Скончыў Маладзечанскую музычную вучэльню, пасьля вучыўся ў Санкт-Пецярбургу ў кансэрваторыі і закончыў яе ў 1988 годзе”.

Сп. Валянцін паведаміў нам, што напачатку спрабаваў паступіць у Беларускую кансэрваторыю, але яго не ўзялі. Аднак ён упарта прадаўжаў спробы далучыцца да беларускага музычнага жыцьця, вярнуўся на Радзіму з намерам працаваць у дзяржаўным опэрным тэатры.

(Пралат: ) “У тэатр трапіць было надта цяжка маладому чалавеку. Браў удзел у конкурсе, была камісія ў тэатры, мне сказалі, што мяне возьмуць. Але потым нешта зрабілася. Я ўжо сабраўся на працу, прыехаў. А мне сказалі, што мяне не бяруць. Потым я яшчэ некалькі разоў спрабаваў пагаварыць з дырэктарам, тады быў сп. Бука. Прыйшоў зь ім паразмаўляць, а ён так мне ад парогу сказаў: “Чаго Вы тут ходзіце, ідзіце ў хор”. Я вучыўся 10 гадоў, ужо сьпяваў опэру, у мяне ужо быў опэрны рэпэртуар і я ня мог пагадзіцца з гэтай прапановаю. Там была сакратарка ў тэатры, дык я зь ёю спрачаўся і сказаў, што як толькі ты – беларус, то сюды ня возьмуць, другіх бяруць, а як толькі беларус, дык – прэч”.

(Карэспандэнт: ) “Як пасьля гэтага склаўся Ваш лёс?

(Пралат: ) “Працаваў потым у Расеі, у Екацярынбургу (былы Сьвярдлоўск). Там таксама ўдзельнічаў у конкурсе і мяне ўзялі. Добры тэатр, трэці па значнасьці ў Расеі. Тры гады працаваў. Запрашалі мяне ў Маскву ў Вялікі тэатр, быў конкурс, мяне бралі, давалі жыльлё. Але мяне паклікалі ў Прагу”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэта сталася, Вы мелі афіцыйнае запрашэньне?”

(Пралат: ) “Я ўжо працаваў у Празе некаторы час, езьдзіў туды. Прыехаў дырэктар Праскай опэры, паслухаў мяне і запрасіў, я прайшоў конкурс і ён прапанаваў мне працу ў Празе. У 1991 годзе я прыехаў адразу на галоўныя ролі, галоўным салістам. Тут ёсьць дзьве опэры – Дзяржаўны опэрны тэатр і Нацыянальны тэатр. Я прыехаў спачатку ў Дзяржаўны тэатр, а потым прыйшла дырэктар, паслухала мяне і запрасіла на працу яшчэ і ў Нацыянальную опэру. Цяпер працую ў абодвух тэатрах”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Валянцін, якім былі Вашыя першыя спэктаклі ў Празе?”

(Пралат: ) “Гэта былі опэры Вэрдзі – “Рыгалета” і “Травіята”. Першае выступленьне было вельмі цяжкім, таму што меў доўгую дарогу да Прагі з Екацярынбургу. Было многа праблемаў у Маскве. У мяне не было знаёмых і грошай не хапала, трэба было сядзець у аэрапорце цэлую ноч. Я сядзеў, чакаў цэлую ноч. А потым за паўтары гадзіны прыйшоў на рэгістрацыю, а мне кажуць, што ўжо позна і мяне ня пусьцяць. Пайшоў да начальства, стаў патрабаваць і урэшце пусьцілі.
Калі прыехаў у Прагу, ад гэтых стрэсаў і стомы захварэў. А мне трэба было сьпяваць, у мяне быў кантракт – партыю герцага, гэта адна з самых цяжкіх. Першы канцэрт – і хворы. Тады я адсьпяваў недзе 4 ці 5 спэктакляў. Лячыўся, людзі памагалі. Чэхі, у якіх я жыў, вельмі добра паставіліся да мяне”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вам ўвогуле падалася творчая атмасфэра на новым месцы?”

(Пралат: ) “Ведаеце, амасфэра чэскага тэатру падалася мне трохі лепшай, чым у нас. Я адчуваю сябе свабадней, як творчы чалавек і як асоба”.

Валянцін Пралат сьпявае вядучыя тэнаровыя партыі ў чэскіх нацыянальных опэрах . У мінулым сэзоне ён пасьпяхова выступіў ў опэры “Далібор” Бедржыха Сьметаны.

(Карэспандэнт: ) “Якая з чэскіх опэраў прынесла Вам найбольшую вядомасьць?”

(Пралат: ) “Прададзеная нявеста” Сьметаны – нацыянальная опэра чэская. Я сьпяваў яе многа дзе ў сьвеце і тут, галоўную тэнаровую партыю – Еніка. Я атрымаў у мінулым годзе ганаровае званьне. Кожны год тут адбываецца ганаровае ўшанаваньне ў галінах мастацтва – опэры, драмы, апэрэты. Я быў ушанаваны як першы замежны артыст. Цяпер я ўжо маю чэскае грамадзянства, але тады я ня быў яшчэ грамадзянінам. Гэта званьне азначае як бы народны ўмелец, ці, па-нашаму, народны артыст”.

(Карэспандэнт: ) “Сьпявак часта выступае і па-за межамі Чэхіі”.

(Пралат: ) “У замежжы многа працую, тут ёсьць агентуры, якія прапануюць працу па цэлым сьвеце. Для мяне, як беларуса, усё ж такі страта у тым, што я як беларус (і гэта сядзіць у мяне ўнутры, у сэрцы), што я, прыехаўшы ў Чэхію, тут даказаў, што я, беларус, змог стаць адным зь лепшых выканаўцаў, інтэрпрэтам іх музыкі. Але шкода, што, як беларус, зь беларускай музыкай я мала сустракаўся. Аднак, я – беларус і застануся беларусам”.

Наступны наш суразмоўца – музыкант Праскага сімфанічнага аркестру Юры Лікін. Ён таксама пачуваецца ў Празе беларусам, але не адважыўся размаўляць з намі на роднай мове, якую цяпер часта перамешвае з чэскай.

(Лікін: ) “Я прыехаў у Прагу, каб працягваць сваё навучаньне. Перад гэтым я вучыўся у Менску, у кансэрваторыі, у клясе прафэсара Барыса Нічкова, вельмі вядомага пэдагога ня толькі ў Беларусі, але і ў сьвеце. Потым я паехаў на стажыроўку ў Парыж, затым вярнуўся ў Менск. Па запрашэньні парыскага прафэсара паехаў у Прагу вучыцца камэрнаму музыцыраваньню. Быў у Праскай Акадэміі Моцарта, дзе сабраліся студэнты з усяго сьвету. Тут быў конкурс у маладзёвы аркестр Праскай камэрнай філярмоніі. Я сыграў конкурс, у выніку мне паведамілі, што я магу пачаць у іх працаваць. Праз два месяцы я выйграў конкурс у Праскі сімфанічны аркестр”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Юры, як адрозьніваецца чэскі аркестр ад беларускага ў сэнсе арганізацыі працы?

(Лікін: ) “Што тычыцца арганізацыі працы ў чэскім аркестры, канкрэтна ў Праскім сімфанічным аркестры, вядома, яна адрозьнівалася ад арганізацыі ў беларускай філярмоніі. Там у нас быў адзіны чалавек, які адказваў за нас. Тут працуе цэлы штат супрацоўнікаў, якія займаюцца ўсімі пытаньнямі, некалькі мэнэджэраў, некалькі тэхнічных работнікаў. Што тычыцца ўплыву музыкантаў непасрэдна на ход падзеяў ці арганізацыю сваёй працы, то ён вельмі значны. У чэскіх аркестрах вельмі моцныя прафсаюзы. Яны ствараюць камітэт аркестра, падобна прафкому. Гэты камітэт займаецца ў асноўным тэхнічнымі праблемамі. Кантралюе дамовы, якія падпісвае дырэктар аркестра, умовы працы, працуюць над плянам паездак.
Адносна нашага ўплыву на мастацкі бок працы – музыка, праграмы, то мы можам гэта абмяркоўваць на мастацкай радзе, дзе зьбіраюцца першыя музыканты, галоўныя галасы аркестра”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі таксама існуюць мастацкія рады. Як можна параўнаць іх функцыі?”

(Лікін: ) “Зараз цяжка параўнаць, у 1994 г. я ад’ехаў, у той час праца мастацкай нарады была чыста фармальнай, з намі ня раіліся аб паездках, аб фінансавым стане музыкантаў. Я быў зьдзіўлены такім шырокім удзелам усіх музыкантаў у жыцьці аркестра”.

(Карэспандэнт: ) “Сапраўды, наколькі ў вашым аркестры спалучаюцца воля калектыву музыкаў і дыктат дырыжора?”

(Лікін: ) “Дыктат дырыжора, ён праяўляецца ў асноўным на сцэне, падчас рэпэтыцыяў, Але, гэта наша справа, каго сабе выбіраць у дырыжоры, гэтым займаецца аркестр. Дырыжора мы выбіраем самі, мастацкая нарада аркестра. Кандыдатуру можа падаць любы музыкант. Кандыдатуры разглядаюцца з розных бакоў. Хутчэй за ўсё з пазыцыі – што цікавага можа прынесьці гэты дырыжор, чым ён для нас цікавы? З цягам часу стыль працы і патрабаваньні прыядаюцца, музыкантам становіцца нецікава граць з адным і тым жа дырыжорам”.

(Карэспандэнт: ) “Вы, пэўна, памятаеце, што ў Беларусі зусім іншая практыка?”

(Лікін: ) “У нас было так, што адзін чалавек трымаў у руках цэлы аркестр. Ён павінен быў падыходзіць міністэрству культуры і сядзеў на гэтым месцы амаль што да сьмерці. Так было часьцей за ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі забясьпечваецца магчымасьць творчага росту?”

(Лікін: ) “Мы пастаянна працуем з рознымі дырыжорамі і музыкантамі, з людзьмі, якія нясуць нам культуру іншых краінаў. Творчы рост у нашым аркестры магчымы дзякуючы таму, што ёсьць больш вольнага часу. Я не абавязаны граць кожную праграму, у мяне ёсьць яшчэ напарнік. У вольны час я займаюся сваёй сольнай дзейнасьцю, выкладчыцкай працаю, граю камэрную музыку. Вельмі многа граю камэрнай музыкі, ужо восьмы год я граю ў Праскім духавым квінтэце, з якім мы аб’езьдзілі практычна цэлы сьвет. Так што творчы рост – ён магчымы дзякуючы гэтай сыстэме. У мяне зьявілася больш магчымасьцяў, як быццам бы разьвязалі рукі”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Юры, як увогуле выглядае магчымасьць працы для музыкаў у Празе?”

(Лікін: ) “Канкурэнцыя вельмі вялікая, патрабаваньні вялізныя. У такіх умовах выжываюць мацнейшыя. Але, мне здаецца, што менавіта прадстаўнікам нашай музычнай школы ня варта баяцца цяжкасьцяў. Наша школа габаістаў выглядае вельмі добра. Я б хацеў сказаць пра цэлую школу беларускіх музыкантаў. Наша падрыхтоўка вельмі моцная і ня варта баяцца паказвацца недзе за мяжою і ў іншых аркестрах”.

(Карэспандэнт: ) “Ці даводзілася Вам падчас паездкаў сустракаць беларускіх музыкантаў у іншых краінах?

(Лікін: ) “Некалькі гадоў таму мы былі на Тайвані з сімфанічным аркестрам, там я сустрэў Валодзю Клачко, скрыпача, якога, я упэўнены, усе памятаюць, Жэню Егудзіна – ў Ізраілі, Таню Гурыну – у Францыі, Ігара Ляшчычына – габаіста – у Нью-Ёрку. Так што музыканты, канечне, разьехаліся”.

Музыкант з Горадні Алег Патлацій знайшоў працу ў чэскім горадзе Лібэрцы.

(Патлацій” )”Я скончыў Беларускую кансэрваторыю па клясе альта. У Беларусі я працаваў у Горадзенскай філярмоніі. Гэта было 6 гадоў таму. Тут былі патрэбныя спэцыялісты. Я пагадзіўся, прайшоў конкурс і мяне ўзялі на працу. Я прыехаў на працу і адразу стаў іграць у опэрным тэатры, горад даў нам кватэру. Аркестр тут вельмі добры. Прафэсійна я выглядаю даволі прыстойна. Я вельмі задаволены, магу рэалізаваць сябе болей”.

“Магу рэалізаваць сябе болей,” – як сказаў Алег Патлацій – вось тое галоўнае, што дае чалавеку свабоднае грамадзтва і дзеля чаго едуць на чужыну творчыя людзі зь Беларусі, дзе разьвіцьцё іх талентаў абмяжоўвае рэглямэнтаваны лад жыцьця таталітарнай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG