Намесьнік міністра Аляксандар Мінін распавёў пра сытуацыю, якая склалася ў Курапатах з нагоды будаўніцтва кальцавой дарогі:
(Мінін: ) "Калі распрацоўвалі праект кальцавой дарогі, я разглядаў гэтае пытаньне. Пытаньне падрабязна вывучанае. Я сустракаўся са старшынём аб'яднаньня "Курапаты" Вацлавам Нямковічам. Я ўдзячны яму за тое, што ён перадаў нам мапы меркаваных пахаваньняў. Мы дасьледавалі гэтыя матэрыялы, і з улікам іх прынялі рашэньне пра будаўніцтва кальцавой дарогі са спасоўваньнем у бок гораду.
Ну, а цяпер пачалося супрацьдзеяньне розных грамадзкіх групаў. Мы ў працэсе рэалізацыі праекту адразу пачалі выкарыстоўваць археалягічныя распрацоўкі. З Інстытуту гісторыі запрасілі гісторыкаў, археолягаў. Гэты праект суправаджалі таксама прадстаўнікі Камітэту гісторыка-культурнай спадчыны ды іншыя грамадзкія арганізацыі.
На мінулым тыдні археалягічная праца ў Курапатах была скончаная. Вось у мяне заключэньне, падрыхтаванае Інстытутам гісторыі Акадэміі навук. Яно пацьвердзіла, што на месцы плянаванага будаўніцтва ніякіх пахаваньняў няма. Так што праца будзе весьціся пад наглядам. Больш за тое, дарожнікі пабудуюць два пераходы і спэцыяльныя пляцоўкі. У Курапаты стане лягчэй дабірацца гарадзкім транспартам. Будуць распрацаваныя памятныя знакі".
Калі пачнецца актыўнае будаўніцтва, спадар Мінін не сказаў:
(Мінін: ) "У нас канкрэтна былі вызначаныя прагматычна-хрысьціянскія падыходы, якія заключаюцца ў наступным: калі ў працэсе будаўніцтва мы знойдзем нейкія парэшткі, то мы іх пахаваем на іншым месцы адпаведна заканадаўству.
Што тычыцца даты, то рашэньне аб рэканструкцыі дарогі было прынятае ў 2000 годзе. А наконт актыўнага будаўніцтва — дык праца і так вядзецца няспынна".
Цяпер дарожная тэхніка ўшчыльную праедзе ля месца пахаваньняў, а бульдозэры аддзяляе ад крыжоў пара дзясяткаў мэтраў.