Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЮ БУРАЎКІНУ — 65 ГАДОЎ


Валянціна Аксак, Менск

Генадзь Бураўкін — тонкі лірык; як многія іншыя беларускія паэты, усхваляваныя будучыняй радзімы, ён вымушаны быў стаць і актыўным грамадзкім дзеячом. І сёлетні, віхурны ў жыцьці краіны, а ягоны асабісты 65-ы год, быў ім амаль дарэшты аддадзены барыкадам, на якіх не ўсялякай Музе ўтульна. І ў гэтым паэт перад пачаткам вечарыны прызнаўся ў інтэрвію Свабодзе:

(Бураўкін: ) "Хацелася б, каб паэзія больш займалася прыгажосьцю сьвету, прыгажосьцю душы, прыгажосьцю чалавечых адносін. Калі ж гэтага няма на роднай нашай Беларусі, то тады яна вымушаная займацца публіцыстыкай, часта нават газэтнай публіцыстыкай. Ну й мая муза, якая яна ні ёсьць, яна таксама нераўнадушная да лёсуБеларусі".

Гэтай вясной Генадзь Бураўкін стаў адным з самых актыўных арганізатараў Усебеларускага зьезду за незалежнасьць, які засьведчыў жаданьне шырокае беларускае грамадзкасьці жыць у вольнай, самастойнай краіне. А летам Генадзь Бураўкін ня менш актыўна далучыўся да працы дэмакратычнае кааліцыі ў перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

З-за гэтага нават сваю творчую вечарыну, прымеркаваную да 65-годзьдзя, давялося адкласьці амаль на два месяцы. І ўсё ж паэтава Муза не пакідала яго. За гэты час ён напісаў новую кнігу лірыкі — "Жураўліная пара".

(Бураўкін: ) "Вершы — яны ж пішуцца не па заказе, але як заказаць сэрцу... Такую фармулёўку можна прыняць — "па заказу сэрца". Але хто ведае — хто мае права заказаць сэрцу? І калі будзе зроблены гэты заказ? І калі мне хацелася нешта сказаць — я пісаў".

Найлепшы прытулак для паэтавай Музы — вясковая хата пад Менскам. Але й кола даўніх, верных сяброў ды старых і новых ягоных прыхільнікаў заўсёды ёсьць добрай крыніцай натхненьня. Яны сёньня і сабраліся на паэтавай творчай вечарыне.

Вёў вечарыну народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, зямляк юбіляра і ягоны сябра з часоў юнацтва. Распачаў жа яе спадар Барадулін зь сюрпрызу для юбіляра — віншавальнае тэлеграмы зь Нямеччыны ад народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Быкаў пераказаў Бураўкіну прывітаньне з радзімы Гайнэ з пажаданьнем Генадзю быць падобным да славутага Генрыха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG