Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФГАНІСТАН БАМБУЮЦЬ УСЁ МАЦНЕЙ


Мікола Іваноў, Прага

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, міністр абароны ЗША Дональд Рамсфэльд паведаміў, што армія ЗША гатовая да новага этапу вайны супраць тэрарызму, які будзе характэрызавацца актыўным супрацоўніцтвам з войскамі Паўночнага альянсу, гатовымі да наступу на пазыцыі талібаў. “Мы і раней былі гатовыя, - падкрэсліў ён, - мы гатовыя і цяпер да наступу вайскаў альянсу, як на поўначы, та і на поўдні”.

Прадстаўнікі Паўночнага альянсу са свайго боку паведамілі, што яны дасягнулі з амэрыканскім камандаваньнем пагадненьня цяпер не ўваходзіць у Кабул, а толькі атачыць яго.

Зроблена гэта, праўдападобна, у сувязі з пазыцыяй Пакістану, лідэры якога супраць дамінацыі адной палітычнай сілы ў пасляталібскім Афганістане. Прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушарраф заявіў, што пасля ўпадку ўлады талібаў раён Кабулу павінен быць ператвораны ў нэйтральную зону, уваход куды войскам паўночнай кааліцыі будзе забаронены.

У рамках ідэалягічнай вайны супроць ЗША талібы працягваюць абвінавачваць амэрыканскую і брытанскую авіяцыю ў забойстве мірных жыхароў падчас налётаў. Талібскі амбасадар у Пакістане Абдул Салям Заеф заявіў, што амэрыканцы збамбавалі шпіталь у Гэраце:

(Заеф: ) “Сёньня шпіталь на 100 ложкаў у Гэраце быў збамбаваны амэрыканскімі і брытанскімі самалётамі. Былі забітыя больш за 100 асобаў. Гэта хворыя, лекары, мэдычныя сёстры і іншыя працаўнікі, які знаходзіліся там”.

Аб тым, што заява Заефа элэмэнт прапагандысцкай вайны сьведчыць факт, што афіцыйнае талібскае інфармацыйнае агенцтва “Бахтар” паведаміла, што ў падчас гэтага бамбаваньня
загінула 15 асобаў, а 25 было паранена. Але і гэтыя дадзеныя не могуць быць пацьверджаныя з незалежных крыніцаў.

Ня могуць быць пакуль-што пацьверджаныя дадзеныя і аб тым, што былі ахвяры сярод мірнага насельніцтва падчас апошніх бамбаваньняў Кабулу, Кандагару і Чарыкару.

Сярод апошніх паведамленьняў з Афганістану ёсць і інфармацыя аб тым, што вакол паўночнага гораду Мазары-Шарыф ідуць цяжкія баі. Наступ Паўночнага альянсу зьмяняецца контрнаступам талібаў. Некаторыя вакліцы гораду ўжо некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі.

Камандуючы вайскамі альянсу ў гэтым раёне генэрал Рашыд Дустум заявіў, што пры падтрымцы амэрыканскай авіяцыі ягоныя войскі пасунуліся наперад. Паводле ягоных словаў, талібы панесьлі значныя страты ў людзях і ўзбраеньні.

Апошнімі днямі авіяцыя ЗША і Вялікабрытаніі сканцэнтравала свае ўдары на пазыцыях тых вайсковых частак талібаў, якія пераважна складаюцца з арабскіх і іншых замежных добраахвотнікаў. Гэта перад усім 55-я брыгада талібаў, якую некаторыя аналітыкі разглядаюць у якасьці своеасаблівай гвардыі тэрарыстычнай арганізацыі Аль Кайда, якую ўзначальвае Усама Бін Ладэн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG