Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРЫЗНАЮЦЦА, ШТО ВЫМУШАНЫЯ РЭГУЛЯРНА ДАВАЦЬ ХАБАР ЧЫНОЎНІКАМ


Ігар Карней, Менск

Рэспандэнтамі выступілі больш за тры сотні бізнэсоўцаў, якія мусілі адказаць на пытаньне: ці часта прыходзіцца даваць хабар дзяржаўным чыноўнікам? Ажно 85% апытаных адказалі станоўча.

Ад савецкіх часоў Беларусь атрымала разгалінаваную бюракратычную сыстэму. Практычна кожнае элемэнтарнае пытаньне патрабуе стос даведак за подпісам адказнага супрацоўніка выканкаму альбо адпаведнай службы. Каб не абіваць парогаў шматлікіх ведамстваў, у хаду ідзе правераная зброя — хабар.

Вось што распавёў мне чалавек, які зараз мае бізнэс у Воршы. Ён пажадаў, каб прозьвішча ягонае не прагучала ў эфіры.

(Бізнэсовец з Воршы: ) "У мяне бізнэс такі, што я кручуся ў камэрцыйнай сфэры, дзе ўсё будуецца на ўзаемным інтарэсе, а не на хабары. Але калі б у мяне быў розьнічны гандаль — там, я ведаю, хабар на хабары: пажарныя, санстанцыя, падатковая, мытня. У каго хоць нейкая гандлёвая кропка — санстанцыя і пажарныя першыя, хто будуць калупаць мазгі. Сапраўдныя шантажысты. Яшчэ, кажуць, пачынае разварочвацца інспэкцыя аховы працы. Пакуль, на шчасьце, яшчэ не разьвярнуліся..."

Сапраўды, большасьць, з кім я гутарыў, аднадушна збудавалі піраміду з галоўных хабарнікаў. На першых пазыцыях, як ні дзіўна, падразьдзяленьні, адказныя за пажарную бясьпеку ў офісах ды гандлёвых кропках, і санітарна-эпідэміялягічныя службы. Бяруць ня тое каб шмат, але рэгулярна.

Далей па сьпісе — чыноўнікі ўладных вэртыкаляў, якія могуць паспрыяць справе ў абыход цэнтральных органаў.

Яшчэ больш паўнамоцтваў у супрацоўнікаў міністэрстваў і дэпутатаў парлямэнту — гэтыя адныя з самых уплывовых лабістаў. Праз "кішэню" вырашаюцца пытаньні сэртыфікацыі і мэтралёгіі — гэта добра ведаюць тыя, хто заняты ў сфэры пастаўкі ды рэалізацыі харчаваньня.

Рэгулярна прыходзяць зьвесткі пра нядобрасумленных мытнікаў і судовых службоўцаў, якія актыўна выкарыстоўваюць службовае становішча. Таму некаторыя бізнэсоўцы лічаць за лепшае паступова з гэтага рынку ценевых паслугаў сысьці. Вось што кажа менскі прадпрымальнік Зьміцер Захарэвіч:

(Захарэвіч: ) "У Беларусі прадпрымальнікі зачыняюць прадпрыемствы й зьяжджаюць — у тую ж самую Расею, дзе нармальныя эканамічныя законы. Я сам меў прадпрыемства. Зараз гэта бессэнсоўна, бо падатковае заканадаўства заблытанае да непазнавальнасьці. Бугальтар дасканала зрабіць нічога ня можа.

Падаткаў больш за 30, і ўсе бяруцца адзін з аднаго. Калі зробіш нават простую тэхнічную памылку — усё ляціць у сьметнік. А калі так — да прадпрыемства прад'яўляюць вялікія штрафныя санкцыі. Кіраўнік сам павінен разьбірацца ў бугальтэрыі. Але ў нас гэта немагчыма! Колькі падатковых інспэктараў, столькі й меркаваньняў. Дык няўжо гэта магчыма? Бугальтэрыя навука дакладная. Два і два заўжды чатыры".

На побытавым узроўні хабар даюць многія. Прынамсі, рэдкі кіроўца выходзіць "сухім" ад інспэктара ДАІ. Але гэта непараўнальна з тымі выдаткамі, якія церпяць некаторыя прадпрымальнікі.

Кіраўніца малога прадпрыемства спадарыня Вольга аказалася перад рэальнай пагрозай банкруцтва. Гэта пры тым, што гарантыі дапамогі абяцаліся на самых розных паверхах улады. За такі стан яна наўпрост вінаваціць ня толькі чынавенства, але ўсю аўтарытарную эканоміку.

(Вольга: ) "Мала таго, што гэта вядзе да банкруцтва, дык яшчэ і да вялікіх маральных стратаў. Ня ўсякі гэта вытрымае. У нас шмат прадпрымальнікаў, якія адыходзяць з жыцьця, атрымаўшы неапраўданыя штрафы. Нядаўна такі выпадак быў у Маладэчне, калі падатковыя органы прысудзілі вялізны штраф чалавеку. І той скончыў жыцьцё самагубствам".

Паводле вынікаў апытаньня сярод беларускіх бізнэсоўцаў, што абвесьцілі экспэрты Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК), 44% рэспандэнтаў прызналіся, што даюць хабар зрэдку, а 41% вымушаны займацца гэтым рэгулярна. На думку сацыёлягаў МФК, такі стан рэчаў захаваецца да таго часу, пакуль прадпрымальніцтва будзе знаходзіцца ў Беларусі на другасных ролях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG