Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ШУКАЮЦЬ ШЧУКІНА


Любоў Лунёва, Менск

Валеры Шчукін паведаміў Радыё Свабода, што сёньня да ягонай дачкі прыйшлі міліцыянты і папрасілі пераказаць бацьку, каб ён прыйшоў у міліцэйскі пастарунак. Супрацоўнікі міліцыі лічаць, што Валеры Шчукін павінен адбыць 10 сутак у спэцпрыёмніку за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас працы "Ўсебеларускага сходу", які праходзіў у Менску ў ліпені.

У той дзень амонаўцы затрымалі й жорстка зьбілі дэпутата. Судзьдзя Аляксандар Шылько пастанавіў арыштаваць Шчукіна на 10 сутак з адбыцьцём пакараньня на вуліцы Акрэсьціна.

Але Валеры Шчукін замест 10 сутак адміністрацыйнага арышту правёў тры месяцы ў Жодзінскім сьледчым ізалятары за пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных справаў.

Тое, што цяпер яго шукаюць супрацоўнікі міліцыі, каб адвезьці ў спэцпрыёмнік, Валеры Шчукін лічыць парушэньнем адміністрацыйнага заканадаўства і тлумачыць помстай чыноўнікаў Камітэту выкананьня пакараньняў за ягоныя скаргі.

Гаворыць Валеры Шчукін:

(Шчукін: ) "Прайшло ўжо чатыры месяцы, а тэрмін даўніны паводле Адміністрацыйнага кодэксу — тры. Я пайшоў да судзьдзі Шылько, і ён мне патлумачыў, што паводле Грамадзянскага кодэксу тэрмін даўніны тры гады. Пры чым тут Грамадзянскі кодэкс? Я зразумеў, што ён выконвае загад. Я гэта зьвязваю з тым, што ў Камітэце выкананьня пакараньняў знаходзіцца мая скарга, у якой я патрабую, каб зь мяне зьнялі ўсе сем спагнаньняў за час майго знаходжаньня ў Жодзінскім СІЗА.

Скаргу я абгрунтаваў дэталёва. Як толькі яны атрымалі скаргу, у той жа дзень зь Ленінскага суду даслалі паперу міліцыянтам, каб мяне затрымалі. Што гэта? Супадзеньне? Камітэт паўстаў перад выбарам: альбо адмена спагнаньняў і пакараньне кіраўніцтва жодзінскага СІЗА, альбо схаваць іх незаконныя дзеяньні. Тым самым будзе створаны прэцэдэнт. І, відаць, чыноўнікі раззлаваліся. Таму й далі такі загад".

Валеры Шчукін паведаміў, што будзе пісаць скаргі ў пракуратуру і ў суд, каб заклікаць праваахоўчыя органы выконваць дзейнае заканадаўства. Але насамрэч ён не спадзяецца на станоўчае рашэньне і рыхтуецца да таго, што днямі зноў наведае сумнавядомую ўстанову, каб правесьці там 10 сутак арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG