Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАТРЭБНЫЯ Ў БЕЛАРУСІ ВАЙСКОВЫЯ СЬВЯТАРЫ-КАПЭЛЯНЫ?


Сяргей Абламейка, Прага

Падчас трагедыі 11 верасьня ў Нью-Ёрку, разам з камандаю нью-ёркскіх пажарных да палаючых будынкаў сусьветнага гандлёвага цэнтру выехаў і іх капэлян – каталіцкі ксёндз. Калі будынкі абрынуліся, загінула некалькі сотняў пажарных і разам зь імі той сьвятар. Вось адтуль і тэма сёньняшняй перадачы, якая прысьвечаная капэлянам.

Капэляны, гэта сьвятары, якія служаць у войску ці ў іншых сілавых структурах. Традыцыя гэтая налічвае многія стагодзьдзі, і сёньня, бадай, ніхто ўжо ня скажа, калі сярод жаўнераў зьявіліся першыя сьвятары. Напрыклад, у каралеўскіх войсках Англіі інстытут капэлянаў зьявіўся ў Х стагодзьдзі. У сярэднявеччы, як вядома, многія сьвятары і манахі да таго ж і самі былі жаўнерамі. Традыцыя капэлянства ў сучасным яго выглядзе нарадзілася ў ЗША яшчэ падчас вайны за незалежнасьць. Менавіта тады пратэстанцкія пераважна сьвятары былі прынятыя на вайсковую службу, надзелі такую ж як і астатнія вайскоўцы форму. Сёньня капэляны служаць у арміях і іншых сілавых структурах большасьці цывілізаваных краінаў сьвету. Нашая даведка.

“Ва ўзброеных сілах ЗША служаць 3000 вайсковых сьвятароў-капэлянаў, у Нямеччыне – 300, Польшчы – 200, Францыі больш за 500, Італіі – больш за 180, Рэспубліцы Карэя – 370. У Гішпаніі, Партугаліі, Вялікай Брытаніі, Канадзе, Даніі і Нарвэгіі вайсковыя сьвятары ўваходзяць у склад практычна кожнай вайсковай часткі, а ў Бэльгіі і Нідэрляндах яны служаць ва ўсіх злучэньнях і брыгадах. Ва ўзброеных сілах Грэцыі створаная нават спэцыяльная ўправа ў справах рэлігіі. Вайсковыя муллы служаць ва ўзброеных сілах Ірану. Апрача гэтага, рэлігійны чыньнік адыгрывае ключавую ролю ў працы ворганаў маральнага выхаваньня ў арміях Марока, Алжыру, Лівіі, Эгіпту, Судану, Турэччыны, Сырыі, Іраку, Ярданіі, Сувудаўскай Арабіі, Кувэйту, Катару, Бахрэйну Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Аману. Галоўная іх мэта – выхаваньне ў асабовага складу гатоўнасьці ў кожны момант выступіць на абарону сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці сваёй дзяржавы, сьвятынь і каштоўнасьцяў іслямскага сьвету, а таксама інтарэсаў “усіх мусульманаў”.

Як мы чулі, самая вялікая колькасьць вайсковых капэлянаў служыць у арміі ЗША – там іх больш за тры тысячы чалавек. Прычым менавіта армія ЗША ў гэтым сэнсе зьяўляецца паказальнай, бо ў ЗША існуе велізарная колькасьць рэлігійных кірункаў, і прадстаўнікі ўсіх іх служаць капэлянамі. Зьнешне яны практычна не адрозьніваюцца, проста на звычайнай вайсковай форме ёсьць дробныя нашыўкі, якія адрозьніваюць канфэсію капэляна. Каталіцкі сьвятар мае нашыўку-крыж, а, напрыклад, рабін – шасьцікутную зорку Давіда. На амэрыканскіх авіяносцах, напрыклад, звычайна некалькі капэлянаў – раніцай ксёндз адпраўляе імшу, а ўвечары баптысцкі пастар ці рабін моляцца са сваімі вернікамі. Гэта для Амэрыкі звычайная рэч.

Першы з сёньняшніх удзельнікаў Сымбаля Веры – супрацоўнік Казахскай службы Радыё Свабода Ардак Нургаліеў. Ён расказвае пра сытуацыю з рэлігійным выхаваньнем у былых савецкіх рэспубліках Сярэдняй Азіі.

(Абламейка: ) “Ардак, ці ёсьць у арміі Казахстану мулы-капэляны?”

(Нургаліеў: ) “Канкрэтны адказ на вашае пытаньне такі. Казахстан – гэта была савецкая рэспубліка, яна 70 год была атэістычнай. І на сёньня ў нас рэлігійнай замены так званым зампалітам няма. Калі ж канкрэтна спыніцца на прыкладзе іншых мусульманскіх краінаў, дык там існуе падабенства інстытуту капэлянства, які існуе ў хрысьціянскіх краінах. Там ёсьць так званым палкавыя мулы – гэта значыць рэлігійныя дзеячы, якія адначасова нясуць вайсковую службу. Гэта натуральна, бо вайсковыя прафэсіі – рызыкоўныя, а дзе ёсьць чалавечыя ахвяры, там і мулы выпраўляюць сваіх байцоў у апошні шлях”.

(Абламейка: ) “Сёньня мусульманская тэма ва ўсіх на слыху. У радыкальных іслямскіх арганізацыях таксама ёсьць мулы-капэляны?”

(Нургаліеў: ) “Я адчуваю, што вашыя пытаньні зьвязаныя з апошнімі трагічнымі падзеямі. У іслямскіх фундамэнталісцкіх, экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыях мулы-капэляны адназначна існуюць. Напрыклад, Хэзбаллах узначальвае шэйх. А хто такі шэйх? Гэта высокаадукаваны мула. Іншы прыклад – рух Талібан. Гэты рух узьнік сярод вучняў мэдрэсэ – рэлігійных школаў, дзяцей-сіротаў, якіх шмат было ў выніку ўварваньня СССР у Афганістан. Гэтых сіротаў забраў да сябе Пакістан і выхоўваў іх у мусульманскіх прытулках, якія называюцца мэдрэсэ або мектэп. У гэтых мектэпах дзеці вывучалі асновы Кур’ану і баявое мастацтва. Талібан і ўзначальвае мула – Амар. Таксама экстрэмісцкая арганізацыя ў Кашміры “Браты мусульмане” – там таксама кіруюць рэлігійныя дзеячы, фактычна капэляны. І вось часта яны натхняюць моладзь на тэракты. Што цікава, самі гэтыя мулы сябе не выбухаюць і ў атакі ня йдуць… Я ведаю, што ў царскай арміі абавязкова былі побач з папамі і ксяндзамі муллы. Асабліва ў казачых карпусах, якія складаліся з татараў і башкіраў. Былі нават будысцкія ламы для калмыкаў. Але сёньня ў арміях Цэнтральнаазіяцкіх краінаў інстытуту мулаў няма”.

Дзякуй Ардак. Нагадаю, гаварыў супрацоўнік казахскай службы Радыё Свабода Ардак Нургаліеў.

У Беларусі сёньня капэлянаў няма. Але нейкія кантакты сілавікоў з царквой, напэўна, існуюць. Я пазваніў сакратару Гарадзенскай праваслаўнай епархіі айцу Анатолю Ненартовічу. Вось нашая размова.

(Абламейка: ) “Айцец Анатоль, пасьля трагічных падзеяў 11 верасьня ў Нью-Ёрку, калі разам з пажарнымі загінуў і іх капэлян, нашым слухачам было б цікава даведацца, як у Беларусі адбываецца супрацоўніцтва царквы з сілавымі структурамі? Пытаньне да вас як да афіцыйнага прадстаўніка епархіяльнага кіраўніцтва”.

(Ненартовіч: ) “У гэтым напрамку мы робім яшчэ першыя крокі. Усе гэта пакуль на ўзроўні ініцыятывы сьвятарства. Часам да нас зьвяртаюцца з прапановай, каб мы прыйшлі ў армію або яшчэ ў нейкія сілавыя структуры, каб зьдзейсьніць абрад. А цеснага, шырокага і пастаяннага супрацоўніцтва, як гэта робіцца ў іншых краінах, пакуль няма. Мы яшчэ ня здолелі адрадзіць тое, што мела раней важнае значэньне ў жыцьці грамадзтва”.

(Абламейка: ) “У сувязі з гэтым узьнікае другое пытаньне. У суседняй зь Беларусьсю Польшчы існуе цэлая служба вайсковых капэлянаў, у якой служаць каталіцкія і праваслаўныя сьвятары, і якую ўзначальвае епіскам-генэрал. Ці лічыце Вы, што гэта патрэбна і Беларусі?”

(Ненартовіч: ) “Я лічу, што гэта трэба абавязкова рабіць. Я ведаю пра становішча ў Польшчы, і ня толькі па чутках. Я там часта бываю, бо вучуся на чацьвертым курсе Варшаўскай духоўнай акадэміі і бачу работу праваслаўных капэлянаў у Польшчы. Гэта вельмі важна, каб быў чалавек, які непасрэдна працуе ў арміі, мае такое ж самае званьне. Аб гэты мы толькі павінны марыць”.

(Абламейка: ) “Той сьвятар у Нью-Ёрку выехаў са сваімі калегамі ў крытычны момант, каб аказваць ім духоўную дапамогу. Вы лічыце, што знайшліся б у Праваслаўнай царкве Беларусі сьвятары, якія б бяз страху ішлі дзеля духоўнай дапамогі ў самую гушчу крытычных падзеяў з рызыкай для жыцьця?”

(Ненартовіч: ) “Безумоўна. Я думаю, што як лекар дае прысягу Гіпакрата, так і сьвятар, прымаючы прысягу, ужо ў той момант адчувае, што ён павінен быць гатовы ў любы час аказаць духоўную дапамогу. А калі здараюцца трагедыі, я думаю, сьвятар там павінен быць. Можа спатрэбіцца ў некага споведзь прыняць, можа спатрэбіцца памаліцца за тых, хто ў цяжкі час аказаўся там”.

(Абламейка: ) “Ну а пакуль што ніякіх афіцыйных размоваў у Беларусі пра інстытут капэлянаў не вядзецца?”

(Ненартовіч: ) “Я лічу, што размовы і застануца размовамі, і ўсё тое, што сёньня робіцца – робіцца дзякуючы асабістай ініцыятыве сьвятара або нейкага чыноўніка. А ў Полльшчы сытуацыя адрозьніваецца тым, што гэта ўсё закладзена ў заканадаўстве, якім усе кіруюцца. Пакуль у нас гарантавана ў заканадаўстве ня будзе прапісана і зафіксавана ўсё пра адносіны з царквой, датуль будуць адны размовы”.

Дзякуй, айцец Анатоль.

Як бачым, калі і ёсьць нейкае супрацоўніцтва царквы і сілавікоў, дык пераважна для таго, каб асьвяціць нейкую будыніну ці сьцяг. А царква, як сказаў айцец Анатоль, выступае за тое, каб адносіны царквы і арміі былі прапісаныя ў законе, як гэта ёсьць у суседняй Польшчы, дзе некалькі сотняў каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў служаць у войску. Сьвятар, сказаў айцец Анатоль Ненартовіч, як і лекар дае прысягу дапамагаць чалавеку ў любых, у тым ліку і ў крытычных, сытуацыях, і таму служба ў войску – гэта яшчэ як бы і абавязак сьвятара.

Ну а ці няма тут нейкай супярэчнасьці з царкоўнымі канонамі – міралюбныя сьвятары і збройны чын, мірная вера і вайсковая акупацыя чужых тэрыторыяў? Вось як на такія сумненьні адказвае менскі ксёндз Ігар Лашук.

(Абламейка: ) “Ксёндз Ігар, ці няма тут супярэчнасьці – з аднаго боку царква заклікае да міру і выступае супраць усялякіх забойстваў, а з другога боку яе прадстаўнікі служаць у войску і духоўна натхняюць ваяроў?”

(Лашук: ) “Калі да Яна Хрысьціцеля прыйшлі жаўнеры і пыталіся, што ім рабіць, ён жа не сказаў ім, каб кінулі зброю і ўцякалі. Ён сказаў, каб добра выконвалі свае абавязкі, нікога не абкрадалі і выконвалі загады. Гэтыя людзі ў ваенны час выконваюць абавязак абароны Айчыны. Іх жыцьцё заўсёды пад небясьпекай. Ясна, што такіх людзей трэба збаўляць, а, часам, і падрыхтаваць да апошняй хвіліны жыцьця. Інстытут капэлянаў можа прынесьці вялікую карысьць і для той краіны, куды яны прыходзяць з войскам. Я прывяду вам толькі факт з жыцьця Беларусі. Калісьці я меў магчымасьць абыходзіць па Калядзе непадалёк Бараўлянаў некаторыя вёскі адной з парафіяў і заўважыў, што большасьць каталіцкага насельніцтва гэтых вёсак была ахрышчана ў 1941, 1942 і 1943 гадах – гэта час, калі разам зь нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі прыйшлі вайсковыя капэляны. Дык вось капэляны нямецкія шмат хрысьцілі ў нас тут людзей-каталікоў. Яны, напрыклад, спрычыніліся да адкрыцьця Чырвонага касьцёла ў Менску – там вялі службу нямецкія капэляны, але і людзі маглі туды прыходзіць. Вось факт – д’ябал учыніў вайну, але Пан Бог выкарыстаў гэтую вайну, і сёньня вера каталіцкая захавалася дзякуючы таму, што многія людзі былі хрышчаныя ў тыя часы. Выглядае як нонсэнс і абсурд, але факт!”

(Абламейка: ) “Ксёндз Ігар, яшчэ два пытаньні да вас. Ці супрацоўнічаеце вы неяк зь сілавымі структурамі Беларусі, і ці патрэбныя, на вашую думку, капэляны ў Беларусі сёньня?”

(Лашук: ) “Напэўна ў сучаснай Беларусі капэляны былі б патрэбныя як найбольш. Сёньня і войска, і пажарныя маральна ня вельмі стойкія людзі. Але ў сёньняшняй Беларусі ніхто пра капэлянаў ня думае. Я нават некалькі разоў прапаноўваў, але толькі запросяць часмі пасьвяціць нешта ці памаліцца, і больш у нас ня ведаюць, навошта гэта патрэбна. Так мы былі выхаваныя. Ніхто не разумее, што як палітрук патрэбны, так і ксёндз – ксёндз замяняе палітрука ў арміі, бо капэлян – гэта той жа палітрук. Гэта было б вельмі патрэбна, але, на жаль, ніхто не зьвяртаецца. Ніхто не разумее, што гэта патрэбна”.

Дзякуй, ксёндз Ігар. Сапраўды надзвычай цікавы і характэрны факт – у прыменскіх вёсках большасьць каталіцкага насельніцтва была ахрышчаная ў часе вайны нямецкімі каталіцкімі капэлянамі. Гэта ня дзіўна, бо, як вядома, у 30-я гады і Праваслаўная, і Каталіцкая цэрквы БССР былі фактычна дашчэнту разгромленыя, а сьвятары расстральляныя або сасланыя ў сібірскія лягеры. Некалі, памятаю, мне траплялася лічба, што пасьля 1937 году ў Беларусі засталося ўсяго некалькі праваслаўных сьвятароў і ксяндзоў. Ня дзіва, што людзей хрысьцілі нямецкія капэляны. Гэта якраз паказвае, што сьвятар нават у тых умовах робіць сваю справу. Цяжка знайсьці больш яскравы прыклад неабходнасьці прысутнасьці ў войску сьвятароў-капэлянаў…

Апошні на сёньня званок – у аднуз сілавых структураў Беларусі – у Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Той нью-ёркскі капэлян быў пажарным, і барацьба з пажарамі якраз і зьяўляецца адной з задачаў гэтага міністэрства. Вось нашая размова з кіраўніком прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі Алегам Голубевым.

(Абламейка: ) “Скажыце, Алег Васільевіч, ці мае вашае міністэрства нейкія адносіны з царквой? І калі нейкае супрацоўніцтва ёсьць, дык якое яно?”

(Голубеў: ) “Ну тут як падыходзіць да гэтага пытаньня. Супрацоўніцтва наўпроставага няма, зь іншага боку – мы аказваем дапамогу, грошы зьбіраем, дапамагаем у будаўніцтве некаторых цэркваў. Вось у нас у Менску за кошт сродкаў, якія зьбіралі і супрацуоўнікі пажарнай службы, і супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, была пабудаваная праваслаўная капліца ў памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы на вуліцы Карастаянавай. Кожны год 26 красавіка там праводзіцца служба, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі і МУС, і нашага міністэрства. Наш Інстытут падвышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, які знаходзіцца ў Сьветлай Рошчы пад Барысавым, таксама дапамог у будаўніцтве праваслаўнай капліцы. Ну і па Беларусі такая праца вядзецца”.

(Абламейка: ) “Значыць, пераважна вы дапамагаеце царкве матэрыяльна, у будаўніцтве. А якая вашая думка, ці патрэбныя былі б сьвятары-капэляны ў частках выратавальнікаў ці іншых сілавікоў?”

(Голубеў: ) “Я скажу, што гэта справа кожнага – якому Богу пакланяцца, якукю рэлігію выбраць. Хаця зь іншага боку Царква заклікае толькі да добрага. Калі паглядзець прыказаньні і каноны – там усё толькі станоўчае, аб маральным выхаваньні. Так што агулам можна гэта вітаць”.

(Абламейка: ) “Падчас выкананьня вашымі байцамі сваіх задачаў могуць здарыцца і трагічныя выпадкі. Вось мне адзін сьвятар сказаў, што можа нехта захоча спавядацца перад сьмерцю, а сьвятара побач ня будзе…”

(Голубеў: ) “Я лічу, што ў нас, слава Богу, у Беларусі такіх крытычных сытуацый няма за кошт работы нашага міністэрства. Вялікіх крытычных здарэньняў, калі згараюць цэлыя будынкі, гінуць сотні людзей, як у суседніх дзяржавах, у нас такіх выпадкаў няма. Гэта за кошт таго, што ў нас пры рэарганізацыі МЧС стварылі на базе пажарнай службы, а ў іншых дзяржавах стваралі на базе грамадзянскай абароны. І ў нас час выезду на любыю надзвычайную сытуацыю складае ад 30 да 40 сэкундаў. Час прыбыцьця на пажаранебясьпечныя аб’екты – каля дзьвюх з паловай хвілін. Мы прадухіляем пагібель людзей і страты”.

(Абламейка: ) “Вашае міністэрства як частка ўраду мае, напэўна, права заканадаўчай ініцыятывы. Вы не зьбіраецеся ініцыянаваць прыняцьцё адпаведнага закону, які б дазволіў служыць побач з выратавальнікамі і сьвятарам?”

(Голубеў: ) “Пакуль што, я думаю, гэтае пытаньне не стаіць так актуальна перад нашай службай. У нас ёсьць псыхолягі ў штатах. Я не зусім тут гатовы гаварыць, але наколькі я валодаю інфармацыяй, пакуль што такіх плянаў няма. Калі нам патрэбны сьвятар, можна зьвярнуцца ў любую царкву, і нам акажуць дапамогу”.

Дзякуй. Нагадаю, гэта быў кіраўнік прэсавай службы МНС Беларусі Алег Голубеў.

Як сказалі сьвятары і сам прадстаўнік адной з сілавых структураў Беларусі, пакуль што тэма капэлянства ў Беларусі – неактуальная. Сьвятары лічаць, што ў Беларусі яшчэ не разумеюць значнасьці і патрэбы прысутнасьці сьвятароў у войску побач з салдатамі. Што ж, застаецца толькі нагадаць інфармацыю з нашай даведкі, якая прагучала ў пачатку перадачы, – інстытут капэлянства існуе ў абсалютнай большасьці разьвітых краінаў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG