Бальшыня выпадковых мінакоў падтрымлівае ваенную апэрацыю на тэрыторыі Афганістану. Адзінае, што многіх непакоіць — гэта магчымыя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва.
Прыкладна палова апытаных мяркуюць, што нядаўна распачатая вайна — не нагода для падвышэньня мераў бясьпекі ў Беларусі. Маўляў, Афганістан ад нас далёка, і Беларусь гэта не закране. Аднак некаторыя перакананыя, што пільнасьць у гэтай справе не перашкодзіць.
(Спадар: ) "Натуральна, трэба глядзець на прадпрыемствы, якія ўяўляюць небясьпеку".
(Карэспандэнт: ) "Ці трэба ў Беларусі падвышаць меры бясьпекі?"
(Спадарыня: ) "Трэба!"
(Карэспандэнт: ) "А якім чынам?"
(Спадарыня: ) "Мабыць, кампэтэнтныя органы павінны вырашыць, што трэба рабіць".
(Спадар: ) "Мяркую, што абавязкова трэба ўзмацніць ахову аб'ектаў".
Бальшыня мінакоў лічыць, што тэрарыстычныя акты ў Беларусі магчымыя:
(Спадарыня: ) "Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Тэрарызм непрадказальны. Таму сказаць, што гэтага ў нас ніколі ня будзе — так сказаць ніхто ня можа".
(Спадарыня: ) "Амэрыка пачувала сябе вельмі добра. Але вось як атрымалася. Дык чаму ў Беларусі ня можа такога быць?"
(Спадар: ) "Тэрарызм, як кажуць, — без нацыянальнасьцяў і межаў. Таму гэта цалкам верагодна. Усё можа быць. Тым больш, у нас шмат незадаволеных".
(Спадар: ) "Можа быць, бо дурняў паўсюль хапае".
(Спадар: ) "Сваіх трэба тэрарыстаў прыбіраць".
(Карэспандэнт: ) "А хто гэта — нашы тэрарысты?"
(Спадар: ) "А гэта вам вядома".
Як людзі ставяцца да таго, што адным з наступстваў баявых дзеяньняў у Афганістане стане новая хваля нелегальнай міграцыі, якая здольная дасягнуць і беларускіх межаў?
(Спадар: ) "Уцякачы ў Беларусі магчымыя. І калі вайна будзе доўгай, то ўцекачы абавязкова будуць у Беларусі".
(Спадар: ) "Гэта магчыма. І вельмі страшна гэта. Асабіста мяне гэта непакоіць".
(Спадарыня: ) "Дык ужо пачалася міграцыя. Куча гэтых усялякіх замежнікаў у нас".
(Спадар: ) "Размова ідзе пра ўцекачоў. Яны могуць быць. Вось з Таджыкістану ў нас шмат. Іх, вядома, трэба выдаляць зь Беларусі і не пускаць сюды, таму што ў нас сваіх хапае жабракоў па пад'ездах".
(Спадарыня: ) "Мне падаецца, што калі зьявяцца ўцекачы, нават закрытая мяжа не дапаможа пазьбегнуць гэтага".
Уцекачы могуць трапіць у Беларусь праз адкрытую мяжу з Расеяй. Ці варта ўзяць яе пад кантроль, пачаць патруляваньне памежных раёнаў? Некаторыя мінакі лічаць, што гэта зрабіць неабходна.
(Спадарыня: ) "Што мы — да такой ступені багатая краіна, каб іх утрымліваць? Дык вось, калі мы закрыем мяжу, яны да нас ня трапяць, нам не трэба будзе іх утрымліваць".
(Карэспандэнт: ) "Ці трэба закрыць мяжу з Расеяй?"
(Спадарыня: ) "Калі будзе пагроза вялікай колькасьці эмігрантаў, то яе трэба закрыць".
(Спадар: ) "Мяжа ёсьць мяжа. Яна павінна быць на замку!"