Паводле распрацоўнікаў Інвэстыцыйнага кодэксу, ягонае зьяўленьне выкліканае фінансавымі праблемамі Беларусі, якія спрычыніліся да тэхналягічнага заняпаду краіны.
Сёньня на большасьці прадпрыемстваў колькасьць састарэлага абсталяваньня даходзіць да 70%, і гэта не дазваляе ствараць канкурэнтаздольную прадукцыю. Абнаўленьне стрымлівае адсутнасьць інвэстараў, найперш замежных, у сувязі з чым беларускія ўлады вырашылі зьмяніць прававыя ўмовы дзейнасьці інвэстараў.
Як вынікае з тлумачэньня намесьніка міністра эканомікі Валер'я Дразда, Інвэстыцыйны кодэкс адпавядае міжнародным стандартам. Ці так гэта? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прадстаўніка Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Карла Дагенхарта, які браў афіцыйны ўдзел у экспэртызе новага дакумэнта:
(Дагенхарт: ) "МФК некалі падавала свае камэнтары й прапановы дзеля паляпшэньня Інвэстыцыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, і мушу зазначыць, што большасьць прапановаў улічылі. Варта прызнаць, што гэты кодэкс стварае больш спрыяльныя ўмовы для працы ў Беларусі замежных інвэстараў.
З другога боку, усё будзе залежаць ад практыкі. Мы ведаем, што правакарыстальная практыка і падзаконныя акты не заўжды адпавядаюць у Беларусі духу асноўных законаў.
І яшчэ — гэты кодэкс стварае больш выгадныя ўмовы для замежных інвэстараў у параўнаньні з айчыннымі. Між тым, гэтыя ўмовы мусяць быць аднолькавымі. На жаль, Беларусі трэба яшчэ прыкласьці шмат намаганьняў, каб яна паводле рэйтынгу інвэстыцыйнай прыцягальнасьці магла зраўняцца зь Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Польшчай, Чэхіяй", — зазначыў спадар Дагенхарт.
Ёсьць меркаваньні, што Інвэстыцыыйны кодэкс заахвоціць прыток у Беларусь расейскіх інвэстыцыяў. Прычым, тых, якія маюць сумнеўнае паходжаньне. Так, у прыватнасьці, лічыць намесьнік старшыні грамадзкага аб'яднаньня "Альтэрнатыва-ХХI" Сяргей Балыкін:
(Балыкін: ) "Шчыра кажучы, нармалёвы капітал у Беларусь ня пойдзе. Сюды пойдзе толькі рызыковы капітал. Магчыма, крымінальны капітал, найперш расейскі. Расейцы ведаюць, як рабіць бізнэс у Расеі і, вядома, ведаюць яны, як гэта робіцца і ў Беларусі. Бо тут няма рынкавай эканомікі, а дачыненьні ў гаспадарчым жыцьці ладзяцца паводле нейкіх крымінальных парадкаў. І расейцы ведаюць, як працаваць у крымінальным асяродзьдзі".