Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМ ЧЫНАМ У ЗША СПАДЗЯЮЦЦА ЗАХАПІЦЬ ЦІ ЗЬНІШЧЫЦЬ УСАМУ БІН ЛЯДЭНА?


Радыё Свабода.

(Караткевіч: ) “Сяргей, ці адчуваюцца ў Амэрыцы прыкметы пачатку баявых дзеньняў?”

(Навумчык: ) “Вольга, калі я раніцай купляў сёньняшнія газэты, дык не заўважыў нейкіх адмысловых прыкметаў іншага жыцьця. Школы, пошта, банкі, дзяржаўныя ўстановы не працуюць, таму што выхадны дзень з нагоды нацыянальнага сьвята “Калямбус дэй”. У Нью-Ёрку апоўдні пачнецца традыцыйны парад па Пятай авэню. Выглядае, што і ўчорашнія словы він Лядэна “Амэрыка ахопленая страхам з поўначы на поўдзень і з захаду на усход” нікога асабліва не напужалі – пяты канал трансьлюе моладзевую перадачу на тэму “Што рабіць дзяўчыне, калі маці не дазваляе апрануць такую кароткую спадніцу, як у Бітні Спірс”, вельмі такая энэргічная дыскусія ідзе. Пра падзеі нагадваюць хіба першыя палосы нью-ёрскіх газэтаў. Адна толькі распэктабельная New York Times дае стрыманыя загалоукі, а вось Daily News на ўсю першую паласу надрукавала слова “Вайна!”, Newsday зьмясьціла паведамленьне пра амэрыканскі ўдар на фоне здымку запуску ракеты “Тамагаўк”, а New York Post наагул “адарвалася”, даўшы пад загалоўкам лексічны наватвор – “Tali-BAM!” Загалоўкі газэтаў адлюстроўваюць рашучацьсь амэрыканцаў, і дарэчы, сёньня 90 адсоткаў насельніцтва падтрымлівалі баявыя дзеяньні супраць талібаў”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, але вядома, што у Амэрыцы з пачаткам ваеннай апэрацыя ўзмоцненыя меры бясьпекі?”

(Навумчык: ) “Так, Вольга. Што датычна Нью-Ёрку, дык тут сорак адна тысяча паліцыянтаў і чатыры з паловай тысячы байцоў нацыянальнай гвардыі ахоўваюць аэрапорты, стадыёны, асаблівая увага надаецца высотным будынкам – пад’езды да некаторых заблякаваныя грузавікамі зь пяском. Зрэшты, апошняе – традыцыйная мера для Нью-Ёрку ў дні, калі прыяжджае прэзыдэнт – за часам Клінтана гэта рабілася пастаянна.

Служба берагавой аховы ЗША праводзіць апэрацыі – самыя маштабныя з часоў Другой Усясьветнай вайны. Паліцэйскія верталёты і вадаплавы, якія ахоўваюць Нью-Ёрк, абсталяваныя аўтаматычнай зброяй. Зь сёньяшняга дня ў Нью-Ёрку ўсіх дэтэктываў, якія раней хадзілі ў цывільным, абавязалі апрануць паліцэйскую вопратку.

Сйньня New York Times паведамляе, што Том Рыдж пакінуў у пятніцу пасаду губэрнатара Пэнсыльваніі і прыступіў да абавязкаў кіраўніка ведамства ў справе нацыянальнай бясьпекі. Ён будзе мець надзвычайныя паўнамоцтвы і каардынаваць дзейнасьць 40 розных агенцтваў і структураў сыстэмы бясьпекі. А менавіта – дэпартамэнт транспарту, мытню, берагавую ахову, пажарную ахову і агенцтва ў справе надзвычайных сытуацыяў. Некаторыя кангрэсмэны ўжо нават заявілі, што мае сэнс аддаць яму і сакрэтныя службы – ФБР і ЦРУ. Але пакуль гэта толькі прапанова. Трэба меркаваць, што наперадзе будзе разьбіральніцтва, чаму спэцслужбы дапусьцілі тэракты 11 верасьня, але цяпер асноўная ўвага і ФБР, і ЦРУ накіраваная на прадухіленьне верагодных тэрарыстычных актаў. ФБР адкрыла дадатковую тэлефонную “гарачую лінію”, па якой кожны можа паведаміць пра нейкіх падазроных асобаў, ЦРУ пасьля 11 верасьня ў два разы павялічыла колькасьць супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з тэрарызмам.

(Караткевіч: ) “Сяргей, а як паставіліся ў ЗША да таго, што пакуль не ўдалося захапіць альбо зьнішчыць бін Лядэна?”

(Навумчык: ) “Канечне, усе разумеюць, што ракетнымі ўдарамі самога бін Лядэна не дастаць, і на гэтым этапе мэты іншыя – зьнішчыць вайсковую інфраструктуру талібаў. Авіяцыя талібаў ўжо практычна зьнішчаная ў першы ж дзень, што адразу пазбавіла талібаў перавагаў перад паўночным альянсам. Да гэтага моманту мільярдэр Усама бін Лядэн меў неабмежаваную падтрымку талібаў, якія ператварылі Афганістан у краіну сярэднявечча, краіну жабракоў.

Але ў выніку вайсковай апэрацыі ЗША і саюзьнікаў, а таксама наступу Паўночнага альянсу, талібы могуць згубіць кантроль над Афганістанам. Сёньня газэта Daily News паедаміла, што Нацыянальны ісламскі камітэт эмігрантаў з Афганістану ў ЗША, які прадстаўляе арганізацыі афганскіх эмігрантаў па ўсёй Амэрыцы, заявіў, што ў выпадку адхіленьня талібаў ад улады сябры камітэту, падлітычныя ўцекачы гатовыя вярнуца ў Афганістане і падтрымаць пераходны ўрад на чале з каралём Махамэдам Захір-Шахам.

Дык вось, калі у Афганістане ўсталюецца ўлада, ляяльная да антытэрарыстычнай кааліцыі, сытуацыя вакол бін Лядена кардынальна зьменіцца. Гэтая ўлада будзе сама шукаць бін Лядена. Так, вядома, што бін Лядена мае падземныя ўкрыцьці, абсталяваныя паводле апошняга слова інжынэрыі. Ён будзе вымушаны знаходзіцца ў падпольлі, але ніякая партызанеская дзейнасьць немагчымая без падтрымкі насельніцтва. І тут у бін Лядена ўзьнікнуць вялізныя праблемы. Як вядома, Дзярждэпартамэнт ЗША усталяваў прэмію у 50 мільёнаў даляраў тым, хто дапаможа знайсьці і захапіць бін Лядэна. Група ўладальнікаў фінансавых карпарацыяў ўзьняла гэтую лічбу да аднаго мільярда даляраў. Я сумняюся, што нават сярод прыхільнікаў бін Лядена ня знойдзецца нікога, хто б праігнараваў такую суму. Паралельна ў ЗША прыняты закон, які дае магчымасьць жыхарства ў Амэрыцы тым, хто прадаставіць істотную інфармацыю пра тэрарыстаў. У такой сытуацыі рана ці позна месца знаходжаньня тэрарыста нумар адзін будзе вядома, ну а астатняе – справа тэхнікі, якой валодаюць спэцыяльныя армейскія падразьдзяленьні, што ўжо, паводле неафіцыйнай інфармацыі, знаходзяцца на тэрыторыі Афганістану.

Наагул, сёньня міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў, што сама па сабе кампанія барацьбы з тэрарызмам можа заняць шмат часу, магчыма, некалькі гадоў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG