Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ БЕЛАРУСКІХ СІЛАВЫХ СТРУКТУРАЎ ТОЛЬКІ КГБ ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО АДРЭАГУЕ НА ПАДЗЕІ Ў АФГАНІСТАНЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аднак канкрэтна пра гэтыя крокі мне ў КГБ не паведамілі — спаслаліся на закрытасьць ведамства.

(Котаў: ) "У сьвеце ўсё ўзаемазьвязана... Што тычыцца пэўных апэратыўных захадаў, то ў 90% выпадкаў мы ніколі пра іх не распавядаем. Але сказаць, што мы ніяк ня будзем рэагаваць на гэтыя падзеі, я не магу. Пэўныя дзеяньні будуць", — заявіў Радыё Свабода кіраўнік цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Фёдар Котаў.

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў заявіў сёньня раніцай, што рэжым працы беларускай міліцыі пасьля атакі амэрыканскіх сілаў на Афганістан не зьмяніўся. Прэсавая служба МУС патлумачыла, што гэта азначае: працягваюцца ўзмоцненыя дзяжурствы на транспартных вузлах, у аэрапортах і на вакзалах, вакол амбасадаў і ўрадавых аб'ектаў паводле загаду, які паступіў пасьля трагедыі 11 верасьня ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Неабходнасьці ўводзіць дадатковыя захады бясьпекі кіраўніцтва міліцыі ня бачыць.

Гэткую ж пазыцыю заняло і Міністэрства абароны. Намесьнік кіраўніка прэсавай службы Леанід Захаранка кажа, што пакуль падзеі ў Афганістане непасрэдна нас не датычаць, таму і рэагаваць няма патрэбы. Захаранка не пацьвердзіў зьвесткі пра тое, што проціпаветраныя войскі быццам нясуць узмоцненае дзяжурства.

(Карэспандэнт: ) "Ці праўда, што ўвялі дадатковае дзяжурства?"

(Захаранка: ) "Не, не. Усё па-ранейшаму, нас гэта не датычыць. Мы займаемся сваёй справай — баявой вучобай".

У Мытным камітэце і Камітэте памежных войскаў пасьля падзеяў 11 верасьня быў узмоцнены кантроль за людзьмі й транспартнымі плынямі, што праходзяць празь мяжу. Гэты ўзмоцнены рэжым, паводле прэсавага цэнтру Савету Бясьпекі, захоўваецца і зараз.

Аднак калі я зьвярнуўся да знаёмага мытніка ў аэрапорце "Менск-2", той патлумачыў, што ніякіх канкрэтных зьменаў гэты "ўзмоцнены кантроль" не азначае. "Правяраем, як правяралі раней. Мы заўсёды павінны быць пільныя. А кіраўніцтву заўсёды трэба нешта рапартаваць наверх, вось і прыдумляюць байкі пра надзвычайны кантроль", — сказаў мытнік з мытнага пункту ў аэрапорце.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG