Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОНСУЛ БЕЛАРУСІ Ў ЗША ЯРАШЭВІЧ ПАЦЬВЯРДЖАЕ ЗЬВЕСТКІ ТОЛЬКІ ПРА АДНУ ГРАМАДЗЯНКУ БЕЛАРУСІ, ШТО ЗЬНІКЛА 11 ВЕРАСЬНЯ Ў НЬЮ-ЁРКУ


Радыё Свабода.

(Радкевіч: ) “Амбасада ЗША ў Беларусі паведамляла, што беларускіх ахвяраў трагедыіі 11 верасьня ад 1 да 3 чалавек. Колькі іх насамрэч?”

(Прыгара: ) “Хвілінаў 20 назад я размаўляла з консулам Беларусі ў ЗША Юр’ем Ярашэвічам. Я тэлефанавала ў Вашынгтон. Ён пацьвердзіў інфармацыю пра адну жанчыну, якая ўсё яшчэ лічыцца зьніклай. Яна працавала ў Сусьветным гандлёвым цэнтры. Гэта ўсё, што ён мне сказаў. Інфармацыя пра гэтую жанчыну, якая лічыцца ў сьпісах зьніклых, пакуль што не выдаецца на просьбу яе сваякоў і блізкіх сяброў”.

(Радкевіч: ) “Што адбываецца на месцы тэракту цяпер? Якія навіны з агульным сьпісам ахвяраў, якія працы вядуцца на руінах?”

(Прыгара: ) “Агульная колькасьць людзей, якія лічацца пакуль што зьніклымі, 6453 чалавекі. Знойдзеныя целы або фрагмэнты целаў 261 чалавека. 194 зь іх – апазнаныя. Месца катастрофы разглядаецца яшчэ і як месца зьдзяйсьненьня крымінальнага злачынства. Таму акрамя агульных разбораў завалаў на месцы катастрофы працуюць агенты ФБР, ЦРУ, археолягі. Так што апрача разбору завалаў вядуцца яшчэ і сьледчыя дзеяньні. На сёньняшні дзень разабрана больш за 100 тысяч тонаў руінаў. Усе рэшткі звозяцца ў адзін з раёнаў Нью-Ёрку і там зьбіраюцца. Прычым, гэтае месца ахоўваецца. Справа ў тым, што рэшткі будынкаў сусьветнага гандлёвага цэнтру ўжо сталі ўяўляць нейкую цікавасьць для калекцыянэраў. Але ў ЗША забаронена прадаваць гэтыя рэшткі, як, напрыклад, нейкія рэчы зь “Тытаніку” ці кавалкі Бэрлінскага муру”.

(Радкевіч: ) “Учора на стадыёне Янкі адбылася сумесная малітва, на якой прысутнічалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Яе вяла амэрыканская тэлезорка Опра Ўінфры. Там бралі ўдзел розныя сьвятары. Ці былі там прадстаўнікі ісляму?”

(Прыгара: ) “Былі, безумоўна, прадстаўнікі ісляму. Мусульмане маліліся і па-ангельсу, і па-арабску. Людзі ўспрымалі гэта абсалютна нармальна. Ва ўмовах, калі ў горадзе такі крызыс і агульная дэпрэсія, лучнасьць людзей – найважнейшае. Былі там і сьлёзы, і абдымкі, была атмасфэра агульнай узаемападтрымкі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG