Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ: МЫ БУДЗЕМ НЕПАХІСНЫЯ, МЫ НЯ БУДЗЕМ ВАГАЦЦА І МЫ НЕ ПРАЙГРАЕМ


Мікола Іваноў, Прага

На пачатку сваёй прамовы прэзыдэнт Буш запатрабаваў неадкладнай выдачы афганскімі лідэрамі Ўсамы бін Ладэна і ягонай памагатых, а таксама закрыцьця ўсіх лягераў тэрарыстаў у Афганістане. Калі гэта ня будзе зроблена, ЗША пачнуць супраць руху талібаў баявыя дзеяньні.

(Буш: ) “Гэтыя патрабаваньні не падлягаюць перамовам ці дыскусіі. Талібан павінен дзейнічаць, і дзейнічаць неадкладна. Яны павінны выдаць тэрарыстаў, альбо ім давядзецца падзяліць іх лёс”.

Прэзыдэнт прадставіў плян шыркамаштабнай кампаніі супраць тэрарызму, які ахоплівае далёка не адзін толькі Афганістан і арганізацыю бін Ладэна Аль-Каэду. Джордж Буш даў выразна зразумець, што будуць выкарыстаныя амэрыканскія наземныя войскі, і што баявыя дзеяньні пачнуцца хутка. “Будзьце напагатове”, – заявіў ён, зьвяртаючыся да амэрыканскіх вайскоўцаў.

Буш падкрэсліў:

(Буш: ) “Ад гэтага дня кожная краіна, якая дае прытулак альбо падтрымлівае тэрарыстаў, будзе разглядацца ЗША ў якасьці варожага рэжыму”.

Сярод краінаў, якія ЗША неаднойчы называлі ў якасьці спрыяльнікаў тэрарыстаў: Ірак, Іран, Сірыя. Цяпер, паводле словаў Буша, Амэрыка патрабуе, каб яе прадстаўнікі атрымалі магчымасьць правесьці інспэкцыю кожнага лягеру падрыхтоўкі тэрарыстаў у Афганістане для таго, каб на месцы пераканацца, што ён зьнішчаны. Буш сказаў, што ў тэрарыстычнай сетцы задзейнічаныя тысячы людзей з 60 краінаў сьвету.

Прэзыдэнт паведаміў, што ён стварае новае міністэрства і прызначае губэрнатара Пенсыльваніі Тома Рыджа кіраўніком офісу бясьпекі радзімы, якое будзе каардынаваць дзейнасць у галіне барацьбы з тэрарызмам 40 фэдэральных службаў, уключна з Цэнтральным Разьведвальным Упраўленьнем і Міністэрствам абароны.

Джрдж Буш падзякваў амэрыканскаму народу за ягоную падтрымку і цярплівасьць і даў выразна зразумець, што амэрыканцы павінны быць гатовыя да стратаў.

(Буш: ) “Амэрыканцаў чакае не адна бітва, а працяглая кампанія, не падобная на тыя, што мы бачылі. Яна можа ўключаць у сябе драматычныя ўдары, якія будуць паказвацца па тэлебачаньні, але і патаемныя апэрацыі, таемныя нават у сваім поспеху”.

Паводле словаў Джорджа Буша, новая вайна ня будзе падобная на кароткую кампанію супраць Іраку дзесяць год таму, ці на кампанію НАТА ў сувязі з косаўскім крызысам, калі амэрыканскія войскі ня мелі ніякіх стратаў падчас баявых дзеяньняў.

Зьвяртаючыся да амэрыканскга народу, прэзыдэнт Буш падкрэсьліў:

(Буш: ) “Мы выкарыстаем усе рэсурсы, якія мы маем, усе дыпляматычныя сродкі, усе спосабы нашай разьведкі, усе інструмэнты нашай юрыдычнай сыстэмы, усе сродкі фінансавага ўплыву, усю неабходную ваенную зброю для перамогі над усясьветнай тэрарыстычнай сеткай”.

Гаворачы пра вайну супраць тэрарызму, прэзыдэнт не ўдакладніў, калі яна пачнецца. Ён таксама не ўдакладніў, як доўга яна будзе працягвацца: год ці дзесяць год.

Джордж Буш працягваў:

(Буш: ) “Мы аб’яднаем вакол гэтага ўвесь сьвет, усе свае намаганьні і ўсю адвагу. Мы будзем непахісныя, мы ня будзем вагацца і мы не прайграем”.

У змаганьні з тэрарызмам Амэрыка будзе бараніць традыцыйныя амэрыканскія каштоўнасьці:

(Буш: ) “Я заклікаю вас трымацца амэрыканскіх каштоўнасьцяў, не забывацца, чаму так шмат людзей прыехала сюды. Мы змагаемся за нашыя прынцыпы, і нашая галоўная адказнасьць – самім жыць паводле іх. Ніхто ня можа быць аб’ектам несправядлівых адносінаў ці абразлівых словаў на падставе ягонай этнічнай прыналежнасьці ці рэлігіі”.

На заканчэньне прамовы Буша дэмакраты, якія звычайна выступаюць з адказам на падобныя прамовы, вырашылі ўстрымацца ад заявы. Замест гэтага лідэр дэмакратычнай бальшыні ў Сэнаце сэнатар Том Дашле і лідэр рэспубліканскай меншасьці Трэнд Лотт разам заявілі, што цалкам падтрымваюць прэзыдэнта.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG