(Красоўская: ) "Кожны дзень я думаю пра тое, што адбылося, — дзе мой муж, што можа яшчэ здарыцца з маімі дзецьмі, што можа здарыцца з краінай, у якой людзі вось так зьнікаюць, і ўлады ня могуць іх знайсьці. Гэта жудасна. Гэта не жыцьцё, а нейкае існаваньне.
Але ж прайшло два гады, і я пачала разважаць пра тое, што адбылося і хто вінаваты. Хто вінаваты ў тым, што сьледзтва ніяк ня дойдзе да канца, не паставіць кропкі ў гэтай справе?
Мне здаецца, я стала крыху мацнейшая, бо ў мяне ёсьць сябры, ёсьць людзі, зь якімі я аб'ядналася — гэта жанчыны, чые сваякі таксама аказаліся ў падобнай бядзе. Гэта неяк дапамагае нам выжыць, пратрымацца і шукаць праўды. І я ўсё ж спадзяюся на перамены і на лепшую будучыню для нашай краіны".