Людзі зьвяртаюцца да прэзыдэнта Амэрыкі Джорджа Буша, да амбасадара Майкла Козака, узгадваюць сваіх знаёмых альбо сваякоў у Злучаных Штатах.
Ігар Шэсьцярэнь прыйшоў да амэрыканскай амбасады разам з 5-гадовай дачкой Надзейкай.
(Шэсьцярэнь: ) "Там дзеці загінулі... Яны былі і ў самалёце сярод пасажыраў, мабыць і вакол тых будынкаў, якія рухнулі. Жахліва. Калі маеш дзіця, тады найбольш разумееш, што такое жыцьцё, што такое гэты дар — жыць".
Ігар Шэсьцярэнь мяркуе, што тэрарысты павінны адказваць за ўчыненыя злачынствы.
(Шэсьцярэнь: ) "Першая мая думка была — тыя, хто гэта зрабіў і тыя, хто гэта замовіў — ня людзі".
Збольшага людзі, што прыходзяць да амбасады, вітаюць рашэньні амэрыканскіх уладаў пакараць тэрарыстаў. Гаворыць спадарыня Людміла:
(Людміла: ) "Ня будзем далёка хадзіць — зло паўсюль надыходзіць. А цяпер хацелася б гэтае зло перамагчы. Я падтрымліваю Салжаніцына — сьмяротная кара для тых, хто замахваецца на свабоду, на спакойнае жыцьцё ўсяго грамадзтва".
Гэтак жа мяркуе і каардынатар Хартыі-97 Зьміцер Бандарэнка, які таксама сёньня прыйшоў да амэрыканскай амбасады выказаць свае спачуваньні.
(Бандарэнка: ) "Вар'яты і дыктатары будуць перашкаджаць жыць нам усім — і ў Амэрыцы, і ў Беларусі. І з дыктатурамі трэба змагацца. Безумоўна, пэўныя захады будуць рабіць урад Злучаных Штатаў, узброеныя сілы Злучаных Штатаў, юстыцыя ЗША. Адзінае, што ўсе мы павінны разумець: сёньня ў глябальным сьвеце ніхто ня можа быць у бясьпецы, калі ёсьць вар'яты, для якіх жыцьцё чалавека нічога не каштуе".
Зьміцер Бандарэнка згадаў сваю нядаўнюю паездку ў ЗША:
(Бандарэнка: ) "Роўна год таму я знаходзіўся ў Злучаных Штатах і 15 верасьня здымаў на сваю аматарскую відэакамэру гэтыя два будынкі-блізьнюкі. Зараз я праглядаў гэтую касэту, я ў шоку — на здымках гэтыя будынкі засталіся, а на самой справе іх ужо няма".
Практычна ўсе мае суразмоўцы казалі пра тое, што цяпер не адчуваюць сябе ў бясьпецы. Гэтак лічыць спадар Сяргей:
(Сяргей: ) "Пакуль мы ідзем да саюзу з Расеяй, мы не абароненыя, таму што Расея — гэта тэрарызм".
Сяргей мяркуе, што наступствы гэтых тэрарыстычных актаў пакуль непрадказальныя.
(Сяргей: ) "Усё залежыць ад таго, якая будзе рэакцыя Злучаных Штатаў — эмацыйная ці прагматычная. Я за тое, каб была прагматычная, каб пакараць непасрэдных удзельнікаў і непасрэдных злачынцаў".
Прагучалі іншыя меркаваньні сёньня каля амэрыканскай амбасады:
(Мужчына: ) "Я прыхільнік філязофіі несупраціву злу гвалтам. Я думаю, што зло ніколі нельга перамагчы злом".
Кіроўца таксоўкі, якой я вярталася ў рэдакцыю, таксама выказаў стаўленьне да тэрарыстычных актаў у ЗША — маўляў, так ім і трэба, даўно ў Амэрыцы не было вайны. Але паўтарыць гэтыя ж словы, калі я дастала дыктафон, кіроўца адмовіўся. Адметна, што ніводнага падобнага меркаваньня ў кнізе спачуваньняў амбасады не было.