Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО ТАКІ АСАМА БІН ЛАДЭН?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Асама Бін Ладэн – гэта мільянэр і экстрэміст з Саудаўскай Арабіі, які колькі гадоў таму абвесьціў сьвятую вайну супраць Злучаных Штатаў і які ўжо вінаваціцца ў шэрагу папярэдніх тэрарыстычных удараў. У прыватнасьці, у добра сплянаваных нападах на дзьве амэрыканскія амбасады ў Афрыцы ў 1998 годзе і на амэрыканскі вайсковы карабель у Еменскім порце летась. Ёсьць падозраньні, што ён меў дачыненьне да першага тэрарыстычнага нападу на Ўсясьветны Гандлёвы Цэнтар у 1993 годзе.

Бін Ладэн нарадзіўся ў 1957 годзе ў Саўдаўскай Арабіі ў сям’і еменскага мультыміліянэра. Усама быў сёмым сынам у сям’і, дзе было 50 дзяцей. У спадчыну ён атрымаў сваю шматмільённую долю.

Брытанскі журналіст Роні Пэйн, аўтар шэрагу кніг пра тэрарыстаў, лічыць, што Бін Ладэн вельмі любіць рэкляму і выстаўляцца вялікім і важным лідэрам. Ён запісаў і распаўсюджвае тысячы аўдыё- і відэдэакасэтаў са сваімі прамовамі, у якіх ганіць Амэрыку як найвялікшае зло ў сьвеце і дэкляруе вайну ёй. Ён заяўляе, што ў гэтай вайне ня можа быць розьніцы паміж людзьмі ў форме і безь яе. Усе амэрыканскія цывільныя грамадзяне, уключна зь дзецьмі і жанчынамі – для яго мішэні.

Гаворыць брытанскі журналіст Роні Пэйн:

(Пэйн: ) “Ён – сын багатага бацькі, і ён, татаў сынок, вызначыў сябе вялікім тэрарыстычным лідэрам. Таму няма дзіва, што як толькі нейкі тэрарыстычны выпадак мае месца на Захадзе, ён адразу бярэ на сябе адказнасьць і пачынае верыць, што ў гэтай галіне ён нумар адзін”.

Ён, сын багатага чалавека, вёў прэвілеяваны лад жыцьця і сам стаў багатым бізнэсоўцам. Жыцьцё ягонае зьмянілася пасьля савецкага ўварваньня ў Афганістан у 1979 годзе.

(Пэйн: ) “Ён пайшоў змагацца ў Афганістан, наколькі ён мог, як партызан, супраць інтэрвэнцыі Савецкага Саюзу. Сапраўды, на пачатку свайго змаганьня, ён увайшоў у кантакт з амэрыканцамі, якія тады заахвочвалі афганскі супраціў савецкаму ўварваньню. Амэрыканскае ЦРУ на самой справе субсідавала навучаньне партызанаў для таго, каб тыя ўвайшлі ў Афганістан з Пакістану і змагаліся супраць Чырвонай Арміі”.

Ужо да таго, як пайсьці ў Афганістан, Бін Ладэн сур’ёзна ставіўся да сваёй мусульманскай веры, і там, знаходзячыся сярод фанатычных мусульманаў, ягоная вера радыкалізавалася.

Пасьля таго, як Савецкая Армія пакінула Афганістан, а краіна перайшла ў стадыю грамадзянскай вайны, многія з афганскіх партызанаў палічылі што Амэрыка, якая пакінула рэгіён і рабіла вельмі мала, каб спыніць барацьбу, здрадзіла ім.

Іншым важным фактарам зьяўляецца тое, што Бін Ладэн, як і іншыя фанатычныя мусульмане, быў разьятраны, калі амэрыканскае і іншыя заходнія войскі прыйшлі ў Саудаўскую Арабію цягам вайны ў затоцы. Ён расцаніў гэтае разьмяшчэньне амэрыканскіх войскаў як апаганьваньне краіны, у якой дзьве найважнейшыя сьвятыні Ісляму.

Пачынаючы з той вайны, Бін Ладэн разглядаў прысутнае ў рэгіёне амерыканскае войска як акупацыйныя сілы, хоць тыя і знаходзяцца там на просьбу ўрадаў, якія баяцца, што інакш увойдуць ірацкія войскі Садама Хусэйна.

Бін Ладэн, як і іншыя лідэры іслямскіх тэрарыстаў, вінаваціць Амэрыку за пакуты палестынцаў і за падтрымку Ізраілю.

Роні Пэйн працягвае:

(Пэйн: ) “Ён – чалавек, напоўнены ярасьцю. Ён – саудаўскі рэнэгат, які ненавідзіць урад уласнай краіны нават пры тым, што ягоны бацька і ўсё сямейства па-ранейшаму жывуць у Саудаўскай Арабіі. Ён разглядае Саудаўскую Арабію як акупаваную краіну, у прыватнасьці, войскамі Злучаных Штатаў. Ён лічыць, што Захад знаходзіцца ў зьвязе з усімі злымі сіламі рэакцыі на Блізкім Усходзе і перакананы, што тэрарызм у самым высокім маштабе – найлепшы спосаб для ўдараў па Захаду”.

Бін Ладэн вярнуўся ў сваю родную краіну ў 90-х гадох, але быў выдалены зь яе за свае антыўрадовыя дзеяньні. Ён падазраваўся ў бамбаваньні аўтамабіляў у Саудаўскай Арабіі ў 1995 і 1996 гадох. Ён выпусьціў фатву – рэлігійны дэкрэт, паводле якога ягоныя пасьлядоўнікі маглі зьнішчаць амэрыканскі вайсковы пэрсанал.

Бін Ладэн зьблізіўся з афганскім фанатычным талібскім рухам, калі той захапіў кіраваньне краінай. Талібан, які высока ацэньвае заслугі Бін Ладэна ў змаганьні з Савецкім Саюзам, адмаўляецца выдаць яго амэрыканскім уладам за злачынствы, у якіх той абвінавачваецца. ЗША спрабавалі зьнішчыць Бін Ладэна, выпусьціўшы крылатую ракету на ягоную базу.

Брытанскі журналіст Пэйн сьцьвярджае:

(Пэйн: ) “Аргумэнт Бін Ладэна ў тым, што Захад мае ядзерную зброю, якую ён ужо выкарыстоўваў на прыканцы Другой Усясьветнай вайны. Захад мае аграмадныя паветраныя сілы і ракеты – зброю, якую заходнія краіны ўжывалі супраць Іраку і на Бальканах. Таму ён лічыць, што зброя тэрору пасуе для зьнішчэньня Заходняй цывілізацыі, і ў такой манумэнтальнай бітве (як Армагедон) ахвяры ня маюць ніякай вартасьці”.

Паводле журналіста Пэйна, Бін Ладэн перабольшвае сваю ролю ў сетцы тэрарыстычных арганізацыяў. Пэйн таксама падазрае, што апошнія напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон былі так добра падрыхтаваныя і фінансаваныя, што Бін Ладэн, прынамсі, меў урадовую падтрымку.

(Пэйн: ) “Гэта апэрацыя, якая магла быць заплянаваная агульным вайсковым штабам значнай краіны і, на маю думку, гэта канчаткова сьведчыць, што за фасадам Бін Ладэна стаяць рэсурсы сур’ёзнай блізкаўсходняй краіны”.

Пэйн перакананы, што гэта краіна – Ірак, і ён верыць, што нават калі Бін Ладэн будзе забіты падчас амэрыканскай адплаты, гэта ня зьменшыць тэрарыстычнай пагрозы, паколькі іншыя групы будуць кідаць выклік.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG