Новая мастацкая галерэя адкрылася ў Мар’інай Горцы. Пухавіцкі краязнаўчы музэй перадаў ёй каля 150 жывапісных твораў, малюнкаў і літаграфіяў вядомых айчынных аўтараў. Ураджэнец Пухавічаў скульптар Аляксандар Фінскі зрабіў для галерэі шыльду й падараваў ёй тры свае працы, у тым ліку скульптурныя партрэты Сымона Полацкага й Адама Міцкевіча.
Мае намер стварыць сваю карцінную галерэю й Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. У Зялёным флігелю побач з былой панскай сядзібай адчынілася выстава рамантычнага жывапісу Юр’я Кур’яновіча. Адно з палотнаў напісанае паводле тутэйшай легенды і мае назоў “Панна Лошыцкага парку”. Апроч выставаў, у Зялёным флігелю будуць ладзіцца музычныя й паэтычныя імпрэзы.
Рэжысэрка Галіна Адамовіч зьняла на аб’яднаньні “Белвідэацэнтар” фільм-партрэт “Радуйся!” пра кампазытара-авангардыста Віктара Капыцьку. У стужцы скарыстаныя фрагмэнты айчынных мультфільмаў, музыку да якіх у свой час напісаў Капыцька. Рэжысэр Бахтыяр Бахтыяраў там сама зьняў фільм пра кампазытара Ігара Паліводу, аўтара некаторых песень ансамблю “Песьняры”, твораў для сымфанічнага аркестру й рок-опэры “Максім” на вершы Максіма Багдановіча. Палівода памёр яшчэ малады пяць гадоў таму.
У бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі навук, а таксама ў Інстытуце тэхнічнай кібэрнэтыкі праходзяць дзьве выставы, прысьвечаныя памяці вядомага навукоўца й літаратара Генадзя Рымскага. Многія айчынныя паэты ўдзячныя Рымскаму за пераклад іхных твораў у расейскую мову і ўкладаньне анталёгіі “Белорусская лирика ХІХ — ХХ веков”. 19 верасьня ў Доме літаратара пройдзе прысьвечаная памяці перакладчыка паэтычная вечарына.
Музэй старажытнабеларускае культуры стварыў новую экспазыцыю “Помнікі этнаграфіі і народнага мастацтва Чарнобыльскае зоны”. Многія экспанаты сабраныя ў вёсках, дзе ўжо не жывуць людзі, некаторыя былі адабраныя ўдзельнікамі экспэдыцыяў у марадзёраў. Усе раней небясьпечныя творы прайшлі адпаведную санітарную апрацоўку.