Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ ЗДАЮЦЬ КРОЎ ДЛЯ ПАЦЯРПЕЛЫХ АМЭРЫКАНЦАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

У гарадзкую клінічную бальніцу №3 сёньня зьвярнуліся 26 донараў. Вось што распавяла нашаму радыё загадчыца аддзяленьня пераліваньня крыві Сьвятлана Караленка:

(Караленка: ) "Прыходзіла шмат людзей здаваць кроў, учора і сёньня. І размовы толькі пра тое, што здарылася ў Амэрыцы — усе людзі ў трансе. Гэтая бяда выклікала ў людзей шок. І ўсе казалі:"Хай наша кроў ідзе людзям, якія маюць у ёй патрэбу".

Прыходзілі і старыя донары, якія шмат разоў здавалі кроў, і маладыя. Гэтыя людзі прыходзілі аддаць кавалачак свайго здароўя. Напрыклад, Патэнт Марк Сямёнавіч, ён ужо 163 разы здаваў кроў, заўсёды адгукаецца на нечую бяду. А яшчэ малады хапец, прозьвішча Замыцкі. Дык ён гаворыць: "Можа, мая кроў там у Амэрыцы дапаможа".

Віталь Замыцкі, які здаў кроў для ахвяраў трагедыі, працуе грузчыкам у сталічнай фірме "Мара". Паводле словаў загадчыцы аддзяленьня пераліваньня крыві, захацелі стаць донарамі грузчык фабрыкі "Камунарка" Ўладзімер Мардзецкі, кіроўца-выпрабавальнік Менскага трактарнага заводу Мікалай Андрэеў, пэдагогі Тацяна Яльніцкая і Юлія Сушко.

З такімі ж прапановамі зьвярнуліся сёньня многія людзі ў іншыя донарскія пункты Менску. Між тым, гэтая ініцыятыва менчукоў наўрад ці будзе рэалізаваная. Вось што паведаміў нашаму радыё галоўны доктар рэспубліканскай станцыі пераліваньня крыві Валеры Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Ня возьмуць амэрыканцы беларускую альбо палестынскую кроў. Таму што ў іх магутнасьці вельмі вялікія, і наўрад ці яны возьмуць нечую кроў. Яны ставяцца да мэдыцынскіх прэпаратаў больш жорстка, чым Эўропа, я маю на ўвазе якасьць і праверку.

Да таго ж трэба адмысловае рашэньне ўраду, бо законам абумоўлена, што за мяжу ў гуманітарных мэтах мы можам пастаўляць кроў і ейныя прэпараты толькі паводле адмысловага рашэньня ўраду. Да таго ж патрэбныя самалёты, лядоўні — кроў нельга перавозіць пры тэмпэратуры, скажам, 20 градусаў, для крыві трэба 4 градусы.

Але калі будзе зварот да нас амэрыканцаў, то кроў мы дамо. Але да нашага Савету Міністраў амэрыканцы ня зьвярталіся, ды й ні да кога, як я чуў, не зьвярталіся", — паведаміў галоўны гематоляг краіны Валеры Бандарэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG