Сёньня ў першай палове дня супрацоўнікі газэты рыхтавалі заўтрашні нумар. У абед стала вядома, што арыштаваныя грошы і папера, прызначаныя на выпуск газэты. Таксама супрацоўнікі выданьня даведаліся, што Вышэйшы гаспадарчы суд распачаў справу супраць "Пагоні".
Яшчэ у сярэдзіне жніўня абласная пракуратура зьвярнулася ў абласны гаспадарчы суд з мэтай забараніць "Пагоню". Аднак справа вярнулася назад у пракуратуру, бо была складзеная з парушэньнямі. Тады намесьнік пракурора вобласьці Труцько зьвярнуўся ў Вышэйшы гаспадарчы суд з просьбай спыніць дзейнасьць газэты і ліквідаваць рэдакцыю "Пагоні".
Супраць "Пагоні" таксама распачалі крымінальную справу тыдзень таму. У абласной друкарні спачатку арыштавалі нумар газэты, прысьвечаны прэзыдэнцкім выбарам — больш за 10 тысяч асобнікаў пусьцілі пад нож. У той жа дзень міліцыя сканфіскавала кампутарную базу рэдакцыі, пазбавіўшы "Пагоню" магчымасьці выходзіць. А пракуратура распачала крымінальную справу аб паклёпе на прэзыдэнта, які нібыта знайшлі ў публікацыях арыштаванага нумару. Да чытачоў той нумар газэты так і ня трапіў.
Сёньня ў пракуратуру выклікалі галоўнага рэдактара Міколу Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйку.