Другая палова — назіральнікі, якіх запрасілі беларускія ўлады.
Міжнародныя назіральнікі ўхіляюцца ад камэнтароў да заканчэньня выбарчай кампаніі і абвяшчэньня ейных вынікаў. Але некаторыя іхныя выказваньні ўжо цяпер сьведчаць пра ацэнку беларускіх выбараў. Напрыклад, старшыня Цэнтарвыбаркаму Расейскай Фэдэрацыі Аляксандар Вешнякоў так выказаўся наконт датэрміновага галасаваньня:
(Вешнякоў: ) "Сам факт магчымасьці датэрміновага галасаваньня можа быць. У дадзеным выпадку нейкіх міжнародна-прававых абмежаваньняў падобнага роду працэдураў не існуе.
Прырода датэрміновага галасаваньня ў той краіне, якая яго выкарыстоўвае, наступная — стварыць грамадзяніну магчымасьці рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права ўдзелу ў выбарах у тым выпадку, калі ён у дзень галасаваньня ня можа быць на тым участку, да якога прыпісаны. Толькі ў такіх выпадках гэтая норма сябе апраўдвае з пункту гледжаньня правоў чалавека.
Таму, калі тут, альбо ў любой іншай краіне, выконваюць гэтыя прынцыпы й правілы, дык не ўзьнікае ніякіх перашкодаў і праблемаў. Калі ж гэтае палажэньне пачынае скажацца, дык узьнікаюць як мінімум пытаньні, а пра ацэнкі можна будзе гаварыць пасьля таго, як мы падвядзем вынікі галасаваньня.
Прынамсі, маштаб у 3–5% датэрміновага галасаваньня вытлумачальны. Калі ж будзе нашмат больш, дык гэта цяжка патлумачыць. Хаця, напэўна, нейкія тлумачэньні таксама будуць".
Учора Цэнтар грамадзкіх сувязяў і інфармацыі КГБ Беларусі распаўсюдзіў заяву пра тое, што афіцыйны Вашынгтон нібыта мае намер дабівацца кансалідаванай пазыцыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ адносна непрызнаньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Што думае на гэты конт Кіма Кільюнен — адмысловы каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ? Гаворыць спадар Кільюнен:
(Кільюнен: ) "Ніхто не дыктуе нам, што мы павінны рабіць. Мы дакладна самастойна будзем прымаць рашэньне і самі паглядзім, якая тут сытуацыя".
(Карэспандэнт: ) "Дык ці ёсьць ціск з боку Злучаных Штатаў?"
(Кільюнен: ) "Ніякага ціску з боку ЗША няма. Мы ёсьць самастойнай арганізацыяй і самі будзем рабіць высновы. Злучаныя Штаты зьяўляюцца сябрам АБСЭ. Але ёсьць 55 краінаў, якія таксама зьяўляюцца сябрамі АБСЭ. Нам патрэбна паглядзець агульную сытуацыю".
Прафэсар Гельсынскага ўнівэрсытэту швэд Сэпа Ізатала быў запрошаны назіраць за выбарамі беларускім урадам.
(Ізатала: ) "Мяне крыху хвалюе пазыцыя назіральнікаў. Я тут ужо два тыдні таму пачынаў навучаньне ўнутраных назіральнікаў і вучыў 155 чалавек. Гэта было ў Гарадзенскай вобласьці, у прыватнасьці, у Горадні, Наваградку, Лідзе. Сярод іх былі й такія, хто падтрымлівае ўлады, і прадстаўнікі апазыцыі.
І сёньня я атрымаў паведамленьне пра тое, што мае вучні ня мелі ўсіх магчымасьцяў удзельнічаць у назіраньні. Таму што там, як мне патлумачылі, не былі выкананыя нейкія фармальнасьці. Яны не зусім карэктна выканалі працэдуру рэгістрацыі. Гэтае пытаньне не вельмі атрымалася. Я думаю, менавіта тут патрэбна дапамагаць назіральнікам".
Што ж тычыцца пэрспэктываў Беларусі, то прафэсар Ізатала кажа, што апошняе слова тут належыць беларускаму народу.