Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, 25 жніўня 2001 г.
Дэклярацыя 25 жніўня 1991 году, якой Беларусь абвяшчала сваю незалежнасьць ад Савецкага Саюзу, выклікала ў амэрыканцаў надзею і захапленьне.
Мы пабачылі, як Беларусь хутка заняла сваё законнае месца ў Эўропе праз ратыфікацыю дамовы аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных узбраеньняў, далучэньне да дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернага ўзбраеньня і праз вывад са сваёй тэрыторыі ўсёй ядзернай зброі былога СССР; праз актыўны ўдзел у праграме NATO "Партнэрства дзеля міру", а таксама праз сваю палітыку, якая садзейнічала пабудове свабоднай Эўропы з дэмакратычных, напраўду незалежных дзяржаваў.
Мы былі рады падтрымаць беларускі народ, бо ён настойліва працаваў тыя першыя гады пасьля 1991-га дзеля ўмацаваньня незалежнасьці, стварэньня дэмакратычнай палітычнай сыстэмы і вяршынства закону, дзеля аднаўленьня багатай культуры. Беларускі народ праводзіў няпростыя рынкавыя рэформы і працаваў дзеля разьвіцьця адкрытага грамадзтва. Наша падтрымка Беларусі й ейнага народу, што рушылі наперад, адбілася ў кантактах між нашымі краінамі на самым высокім узроўні, уключна зь візытам прэзыдэнта Клінтана ў студзені 1994 году.
Матэрыяльная падтрымка Беларусі дзеля ейнага пераходу да дэмакратыі таксама была і застаецца дастаткова шчодрай. Ад пачатку 1992 году Злучаныя Штаты далі беларускаму народу ў межах дзяржаўных праграмаў і прыватных ініцыятываў больш як 560 мільёнаў даляраў, зь іх больш як 24 мільёны даляраў летась.
Такім чынам, адданасьць Злучаных Штатаў народу Беларусі й ягонай празе незалежнасьці й дэмакратыі застаецца моцнай і нязьменнай. Мы будзем вітаць магчымасьць працягнуць двухбаковыя сувязі ў тым самым рэчышчы.
На жаль, з 1996 году беларускі рэжым фактычна спыніў рух да дэмакратыі і вяршынства закону. Рэжым перасьледаваў грамадзянскую супольнасьць, стала парушаў правы чалавека і абавязацельствы, якія Беларусь прыняла як краіна-ўдзельніца АБСЭ і краіна, якая падпісала Венскую канвэнцыю. Палітыка рэжыму пагоршыла сытуацыю ў эканамічнай сфэры і вытворчасьці, што пацягнула зьбядненьне людзей і пагаршэньне здароўя насельніцтва. Рэжым імкнуўся — бясплённа — разьдзьмуць варожасьць да эўра-атлянтычных арганізацыяў. Іншымі словамі, палітыка рэжыму замінала ЗША і іншым краінам-удзельніцам АБСЭ нармальна і плённа разьвіваць двухбаковыя дачыненьні зь Беларусьсю.
Што трэба, каб вярнуць нашыя двухбаковыя дачыненьні на цьвёрды грунт?
Адказ просты, і мы будзем і надалей даводзіць яго да беларускіх уладаў, грамадзянаў краіны і міжнароднай супольнасьці. Злучаныя Штаты гатовыя аднавіць плённыя двухбаковыя дачыненьні і кантакты на самым высокім узроўні, садзейнічаць больш актыўным зносінам у сфэры палітыкі, гандлю, інвэстыцыяў і ў вайсковай сфэры. Аднак мы гатовыя зрабіць гэта толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады будуць трымацца стандартаў, якія Беларусь прыняла як удзельніца АБСЭ і член ААН. Гэтыя стандарты, акрамя іншага, прадугледжваюць свабодны, справядлівы і дэмакратычны выбарчы працэс, павагу да грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека, вяршынства закону.
Беларускія ўлады ведаюць пра канкрэтныя захады, якія ім неабходна ўзяць, каб выканаць абавязацельствы перад АБСЭ і каб прызналі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. АБСЭ, Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз і старшыня Цэнтарвыбаркаму Расеі (нядаўна) паведамілі, што беларускія ўлады мусяць зрабіць, каб выбарчы працэс адпавядаў стандартам АБСЭ.
Калі беларускія ўлады ня возьмуць своечасовых, пасьлядоўных і сур'ёзных захадаў у гэтым кірунку, гэта не заміне нам надалей пашыраць дачыненьні зь беларускім народам. Але адмова ад гэтых крокаў ператворыць існы рэжым у адзінага ізгоя ў Эўропе.
Такім чынам, мы спадзяемся, што беларускія ўлады будуць супрацоўнічаць са сваімі грамадзянамі дзеля вяртаньня іхнай краіны на шлях, на які яна рашуча стала 25 жніўня 1991 году.