Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ БЕРАСЬЦЕЙСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ ВА ЎСЮ АГІТУЕ ЗА ЛУКАШЭНКУ


Алег Супрунюк, Берасьце

На працягу апошнiх дзён журналiсты, незалежныя назiральнiкi i давераныя асобы кандыдата на прэзыдэнта Ўладзiмера Ганчарыка былi сьведкамi некаторых мерапрыемстваў, што ладзiлiся кiраўнiцтвам Берасьцейскага райвыканкаму. Узначальвае мясцовую вэртыкаль Канстантын Бабко. Ён таксама зьяўляецца намесьнiкам старшынi абласной камiсii па выбарах прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь. Але гэта не замiнае спадару Бабко прымаць удзел у мерапрыемствах, дзе гучаць заклiкi галасаваць за Аляксандра Лукашэнку.

Так у пятнiцу, 24 жнiўня, сьведкамi такой агiтацыi былi давераная асоба Ўладзiмера Ганчарыка Леанiд Майструк i прафсаюзны актывiст Георгiй Антанюк. Пра тое, як адрэагаваў адзiн з кiраўнiкоў абласной выбарчай камiсii на прысутнасьць гэтых асобаў на нарадзе ў райвыканкаме, распавядае Георгiй Антанюк.

(Антанюк:) "Бабко абразiў нас, казаў, што мы – нахабнiкi. Потым у сваём выступе пачаў агiтаваць за Лукашэнку. Дагаварыўся да таго, што калi вы выбераце Ганчарыка, а не Лукашэнку, дык ужо 9 верасьня яго звольняць".

Паведамiў Георгiй Антанюк

Аб парушэньнях Выбарчага кодэксу, якi забараняе сябрам выбарчых камiсiй агiтаваць за каго-небудзь з кандыдатаў, сёньня паведамлена ў аблвыканкам i пракуратуру.

Але пакуль рыхтавалася гэтая заява, ранiцай 27 жнiўня Канстантын Бабко склiкаў яшчэ адну нараду, што адбылася ў Берасьцейскiм райспажыўсаюзе. Спадар Бабко ня толькi асабiста агiтаваў за Лукашэнку, але запатрабаваў, каб агiтацыяй i прапагандай на карысьць гэтага кандыдата займалicя тыя, хто працуе ў вясковых крамах. Старшыня райвыканкаму таксама паведамiў, што на мiнулым тыднi ён сустракаўся з праваслаўнымi сьвятарамi раёну, якiх таксама заклiкалi агiтаваць за Лукашэнку.

Пасьля выступу журналiсты спыталi Канстанцiна Бабко, навошта ён парушае закон. У адказ чыноўнiк заявiў, што будзе прымаць захады, у выпадку, калi iнфармацыя пра сёньняшнюю нараду трапiць у друк. Прадстаўнiкi "Незалежнага назiраньня" зьбiраюцца накiраваць аудыёкасэту з запiсам выступу спадара Бабко ў мiжнародныя структуры, паколькi ня вераць у тое, што мясцовыя ўлады адрэагуюць на гэтыя парушэньнi заканадаўства.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG