Сёньня раніцай аддзел міліцыянтаў, узброены аўтаматамі, высачыў сямёх актывістаў руху “Зубар” на вуліцы 30 год ВЛКСМ непадалёк ад нядзейнага корпусу скураной лякарні. У кішэні аднаго юнака міліцыянты знайшлі некалькі налепак, што і сталася падставай для затрыманьня юнакоў і дзяўчат. У пастарунку маладзёнаў, парушаючы адміністрацыйны кодэкс, міліцыянты трымалі ажно 7 гадзінаў, і толькі аб 14 гадзіне выпусьцілі іх на волю пасьля таго, як у кожнага ўзялі пісьмовыя тлумачэньні.
Сёньня ж раніцай тры мясцовыя міліцыянты, таксама ўзброеныя аўтаматамі, затрымалі старшыню філі БСДП (Народная Грамада) Алесю Ясюк проста на выхадзе з дому, дзе яна жыве. У спадарыні Ясюк аўтаматчыкі знайшлі антылукашэнкаўскія налепкі “Час прыбіраць”. У пастарунку ў яе таксама спрабавалі ўзяць тлумачэньне, якое спадарыня Ясюк не падпісала.