Як распавёў Пятро Явідовіч для Радыё Свабода, яму стала вядома, што цяпер у адпаведных структурах на яго зьбіраюць кампрамат — нібыта пэўныя людзі засьведчылі, што Явідовіч даваў ім грошы на грамадзкую дзейнасьць у гэтым рэгіёне — прыкладам, за распаўсюд спэцвыпуску газэты "Наша Свабода" ды іншае.
Да таго ж днямі ў Ашмянскім судзе аднавіўся разгляд справы, якая была распачатая супраць Пятра Явідовіча яшчэ ў часе леташніх парлямэнцкіх выбараў (тады ён пацярпеў за распаўсюд інфармацыйнага бюлетэня "Прадпрымальнік").
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Пятро Явідовіч мяркуе, што гэткім чынам мясцовыя ўлады хочуць запалохаць яго й выключыць з палітычнага жыцьця напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.