Гэтым разам сюды зьявіліся супрацоўнікі мясцовай управы КГБ разам з прадстаўніком адміністрацыі Чыгуначнага раёну — агулам каля двух дзясяткаў чалавек. "Гэбэшнікі" прад'явілі ордэр на ператрус, санкцыянаваны пракурорам вобласьці Алегам Палавінкам.
Сам спадар Карняенка знаходзіцца ў Менску. У доме засталіся толькі ягоны намесьнік Уладзімер Кацора і сябар "Грамадзянскіх ініцыятываў" Юры Варонежцаў. Астатніх "гэбэшнікі" выдалілі з памяшкання.
Ператрус вядзецца з прычыны ўзбуджанай КГБ крымінальнай справы пра росьпіс у горадзе сьценаў антылукашэнкаўскімі лёзунгамі і распаўсюдам сатырычнай газэты "Бульдозэр".
У межах гэтай справы КГБ ужо сканфіскаваў у мінулую пятніцу кампутарную тэхніку і дакумэнтацыю моладзевага цэнтру "Гарт".