Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ДАКАЗАЎ НЕМАГЧЫМАСЬЦЬ ВЫКАНАНЬНЯ ПЛЯНУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

На працягу году сп.Бухель праз суд спрабаваў даказаць, што яму незаконна вынесьлі дзьве вымовы за невыкананьне месячных плянаў. Менавіта гэтыя вымовы сталі падставай для звальненьня з працы лідэра Свабоднага прафсаюзу працаўнікоў аўтазаводу. Тады інжынэр-канструктар аўтазаводу зьвярнуўся у суд і запатрабаваў экспэртаў. Ён даказваў, што немагчыма выканаць плян на 300-400% і сьцьвярджаў, што прэтэнзіі да яго носяць палітычны характар.

Нагадаем, што напярэдадні з працы былі звольненыя старшыня Свабоднага прафсаюзу аўтазаводу Ігар Бугроў і ягоны намесьнік Аляксей Яўгенаў. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны ня выйшлі на працу ў выхадны дзень. Адметна, што звальненьне з працы Барыса Бухеля адбылося летась – неўзабаве пасьля звароту актывіста Свабоднага прафсаюзу ў акруговую выбарчую камісію. Ён інфармаваў ейных прадстаўнікоў пра вызваленьне рабочых ад працы з мэтай прымусіць іх прагаласаваць у дзень выбараў у так званую палату прадстаўнікоў.

Адміністрацыя аўтазаводу спрабавала прапанаваць сваіх экспэртаў, аднак суд зацьвердзіў незалежных. На працягу некалькіх месяцаў экспэрты вывучалі асаблівасьці працы інжынэраў-канструктараў. Ініцыятар зыску на судзе ўзгадаў, што шмат хто з канструктараў ня змог выканаць плян, аднак з працы быў звольнены толькі ён адзін.

Вось як пракамэнтаваў рашэньне суду Барыс Бухель.

(Бухель: ) “Гэтая судовая справа выявіла важкія прычыны нездавальняючай працы аўтазаводу. Напрыклад, галоўны канструктар аўтазаводу Воўк Аляксандар Віктаравіч ніколі не працаваў канструктарам і не стаяў за пульманам. У мяне яшчэ наперадзе суд па аднаўленьні мяне на працы. Я спадзяюся, што і яго выйграю, бо адпала асноўная падстава для майго звальненьня. І я працягну сваю працу і прафсаюзную дзейнасьць на аўтазаводзе,” –

сказаў Барыс Бухель, былы інжынэр-канструктар Магілеўскага аўтазаводу.

Экспэрты на судзе даказалі немагчымасьць выкананьня пляну і дрэнныя ўмовы працы для інжынэраў-канструктараў. Суд улічыў заўвагі і запатрабаваў, каб адміністрацыя аўтазаводу адмяніла абедзьве вымовы за невыкананьне месячных плянаў Барысу Бухелю. Зараз у яго зьявілася магчымасьць аднавіцца на працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG