На гэтым тыдні прагучала прапанова правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі з мэтай паскорыць працэс вызначэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Наколькі своечасовая гэтая ідэя? Вось думкі ўдзельнікаў круглага стала.
Намесьнік старшыні БНФ, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:
(Бяляцкі: ) “У заяве нашага арганізацыйнага камітэту па правядзеньні кангрэсу было адзначана, што вельмі пажадана, каб кандыдаты ў прэзыдэнты дамовіліся паміж сабой і вызначылі адзінага дэмакратычнага прэтэндэнта. І тады сапраўды правядзеньне Кангрэсу было б падтрымкай гэтага вызначэньня “пяцёркі”, якое б адбылося перад гэтым.
Але на той варыянт (і гэта мы абмяркоўвалі), калі ўсё-ткі ня будзе вызначаны гэты адзіны кандыдат, і ўсе кандыдаты пойдуць сваімі камандамі, ці прынамсі частка зь іх не пагодзіцца зь нейкімі аб’яднаньнямі найбольш моцных кандыдатаў, то гэтую разьвязку мусіць разьвязваць, браць на сябе адказнасьць у прыняцьці рашэньня не пяцёрка, а сам Кангрэс. Таму што тыя сілы, тыя палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі, якія падтрымліваюць і будуць удзельнічаць у кангрэсе – на іхным храбце, фактычна, на іхных нагах, іхнымі галовамі зараз робіцца ўся гэтая кампанія – фактычна, усіх дэмакратычных кандыдатаў”.
Лідэр Беларускага жаночага руху “Адраджэньне Айчыны” Тацяна Ваніна:
(Ваніна: ) “Дэмакратычныя сілы, якія мы прывыклі традыцыйна прадстаўляць у Кангрэсе – гэта ня ўся апазыцыя, якая сёньня існуе ў нашай дзяржаве. І навязваць людзям думку, якія складаюць значную колькасьць – адсоткаў 40-50, і якія не падтрымліваюць ні Лукашэнку, ні апазыцыйныя партыі, было б, мне здаецца, немэтазгодна і нават небясьпечна. Таму кандыдаты павінны вызначыцца, усё ж-такі, самі. Вельмі важна вызначыць толькі – што будзе зьяўляцца крытэрам ацэнкі ўзроўню кандыдата, яго падтрымкі”.