Гомельскі адвакат Зьміцер Іванішка, які нядаўна пачаў абараняць Чыгіра-малодшага, завершыў разам зь ім знаёмства з матэрыяламі справы, паводле якой сын магчымага кандыдата ў прэзыдэнты абвінавачаны ў выкраданьні мікрааўтобусаў. Сваімі меркаваньнямі адносна матэрыялаў справы адвакат падзяліўся з Радыё Свабода.
(Іванішка: ) "Доказаў, якія б наўпрост сьведчылі, што гэта зрабіў Аляксандар Чыгір, няма. Замест гэтага ёсьць невядома адкуль узятыя запчасткі скрадзеных аўтамабіляў і пратаколы апазнаньня гэтых запчастак пацярпелымі", — паведаміў новы адвакат Чыгіра-малодшага.
Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў справе ўжо няма сьведчаньняў тых пацярпелых, заявы якіх шмат разоў дэманстравала дзяржаўнае тэлебачаньне адразу пасьля арышту Чыгіра-малодшага ў лютым. Такім чынам, тыя заявы варта разглядаць як паклёп на ўсю сям'ю Чыгіроў, які распаўсюдзіла БТ, лічыць адвакат.
Новыя эпізоды, на якіх цяпер грунтуецца справа, паводле Зьмітра Іванішкі, выглядаюць вельмі бездапаможна. Віну за гэта адвакат ўскладае на апэратыўных супрацоўнікаў, якія праводзілі ператрусы ў Аляксандра Чыгіра з парушэньнямі закону.
(Іванішка: ) "Ператрусы рабілі не да затрыманьня Чыгіра, а значна пазьней, калі гараж быў адчынены і падкласьці што заўгодна не было праблемай", — мяркуе адвакат Іванішка і ацэньвае працу міліцыянтаў-апэратыўнікаў нездавальняюча.
На думку адваката, судзьдзяў, якія будуць разглядаць справу Чыгіра-малодшага, павінна зацікавіць, чаму так званыя саўдзельнікі Чыгіра ў прысутнасьці адвакатаў хутка адмовіліся ад сваіх словаў, сказаных пасьля арышту.
(Іванішка: ) "Хутчэй за ўсё, гэта выпадак супрацьзаконнага ўціску на затрыманых", — лічыць адвакат.
Падсумоўваючы ўражаньні ад матэрыялаў справы, адвакат выказаў меркаваньне, што міліцыю вымусілі любой цаной даказаць віну Чыгіра-малодшага, каб было чым кампрамэтаваць Чыгіра-старэйшага. Таму Зьміцер Іванішка лічыць справу свайго падабароннага палітычнай і замоўленай.
Між тым, справа ўжо завершаная і да 20 ліпеня павінна трапіць у суд. Адвакат не выключае, што разгляд справы даручаць гарадзкому суду, бо ў ёй фігуруюць падзеі, якія адбываліся ў розных раёнах Менску. Зьміцер Іванішка таксама паведаміў, што накіраваў хадайніцтва, каб да суду правялі некаторыя дадатковыя экспэртызы.
(Іванішка: ) "Гэта дапаможа даказаць невінаватасьць Аляксандра Чыгіра, у якой асабіста я не сумняюся", — сказаў адвакат.