Паводле старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяны Процькі, рабаўніцтва адбылося неўзабаве пасьля таго, як міліцыя паведаміла, што прыпыняе расьсьледаваньне справаў пра ранейшыя рабаваньні. Спадарыня Процька распавяла:
(Процька: ) "Гэта трэці выпадак, калі рабуюць наш менскі офіс. Чаму такая цікаўнасьць менавіта да гэтага офісу? Гэтым разам там не было ніякага абсталяваньня, мы пасьля апошніх выпадкаў ужо нічога не ўзнаўлялі. А што тады патрэбна? На гэтым офісе знаходзяцца сьпісы назіральнікаў, даклады пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Гэта й цікавіць. Почырк той жа самы, абрабавалі гэтак жа, як і мінулы раз. Значыцца, ведалі, куды йдуць, ведалі, што там засталося".
(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, пацярпела толькі тэхніка?"
(Процька: ) "Так, бо ляжалі чатыры колы ад "Мазды", якія каштуюць нашмат болей за тую тэхніку, што зьнесьлі — дык яны й засталіся ляжаць. Магнітаоптыка, якая каштуе зусім ня мала, таксама засталася".
(Карэспандэнт: ) "У міліцыю вы зьвярталіся?"
(Процька: ) "Мы й першы раз зьвярталіся, і ўсе астатнія. Але паказальна, што днямі мы атрымалі адказ зь міліцыі, дзе казалася пра прыпыненьне нашай справы з прычыны таго, што… няма злодзеяў. Ну, дык зараз няхай шукаюць".
Спадарыня Процька таксама заўважыла: першы ды другі раз на месца здарэньня адразу ж выяжджалі супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю. Зараз усе працэдуры абышліся бязь іхнага ўдзелу.