Папа Рымскі будзе гасьцяваць у Львове два дні: сёньня і заўтра. Гэтыя дні абвешчаныя тут вольнымі ад працы.
Падчас праезду Папы вуліцамі гораду тысячы мясцовых жыхароў сустракалі яго зь вялікім энтузіязмам, радасна.
На мясцовым іпадроме спэцыяльна для Папы пабудваваны 22-мэтровы алтар, упрыгожаны грэка-каталіцкімі абразамі. Папа адслужыць тут дзьве сьвятыя мшы. Першая, паводле лацінскага абраду, адбылася сёньня раніцай. Другая, паводле грэка-каталіцкага абраду, адбудзецца заўтра.
Паводле інфармацыі львоўскіх уладаў, у сёньняшній імшы ўдзельнічала ня менш за 350 тыс. вернікаў. Групы паломнікаў прыбылі з усіх куткоў Украіны, а таксама з Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі, Славаччыны, краінаў Балтыі, Расеі і Беларусі.
Падчас імшы Папа зьвяртаўся да вернікаў на сваёй роднай польскай мове, а таксама на украінскай і вугорскай.
Папа гаварыў пра неабходнасць ачысціць гістарычную памяць народаў ад усяго таго, што разьядноўвае. Будучыню Украіны і іншых краінаў, падкрэсліў ён, можна будаваць толькі на падставе ўзаемнай пашаны і супрацоўніцтва.
Папа абвясьціў “сьвятымі” двух каталіцкіх архіепіскапаў, якіх перасьледавалі за веру.
Папа таксама па-украінску падзякваў за цёплы прыём.
(Ян Павал ІІ: ) “На заканчэньне гэтай малітвы я хачу падзякваць уладам Львова за ўчорашні сардэчны і шчыры прыём. Гэта праяўленьне вашай гасьціннасьці і сардэчнай цеплыні”.
Заўтра на грэка-каталіцкай літургіі чакаецца ўдзел больш за поўмільёна вернікаў.