(Пагслі: ) “Арганізацыя Article 19 падрыхтавала даклад пра стан СМІ ў Беларусі і меркавала правесьці прэсавую канфэрэнцыю для беларускай грамадзкасьці. Мы жадалі, каб нашыя кансультанты і кіраўніцтва прыехалі з Англіі ў Менск, самі прадставілі даклад і наведалі высокіх урадавых чыноўнікаў. На жаль, узьніклі праблемы зь візамі. Мы прасілі беларускую амбасаду ў Англіі аформіць візу за адзін дзень і заплацілі за гэта 80 фунтаў. Але мінула ўжо больш за тыдзень – і ніякіх вынікаў. У амбасадзе паведамілі, што рашэньне прымаецца ў Менску. У Міністэрстве замежных справаў чыноўнікі ўхіляюцца ад адказаў. Жана Ліцьвіна дамовілася зь імі, што сёньня да вечара будзе нейкі адказ. Калі адмовяць, то я сама буду праводзіць прэсавую канфэрэнцыю, але магчымы варыянт – перанесьці яе на ліпень. Я лічу, што, магчыма, гэтая сытуацыя ўзьнікла з тае прычыны, што ў Англіі даклад ужо надрукаваны на ангельскай мове і чыноўнікі беларускай амбасады зь ім азнаёміліся, а таксама таму, што мы плянуем правесьці прэсавую канферэнцыю, якой цікавяцца журналісты і грамадзкасьць,” – так пракамэнтавала гэтую сытуацыю Сафія Пагслі.
У Міністэрстве замежных справаў нам паведамілі, што пытаньне разглядаецца, але канчатковага рашэньня пакуль не прынята.