Канфэрэнцыя ў Вільні стала працягам буйнога жаночага форуму, што адбыўся два гады таму ў Рэйк’явіку. Тады на ім былі вызначаныя канкрэтныя шляхі дзеяньняў для забесьпячэньня роўных магчымасьцяў мужчынаў і жанчынаў. Зараз у Вільні падсумоўваюць, што было зроблена ў розных краінах сьвету.
Прыкладам, паводле фінскага заканадаўства, ва ўладных структурах павінна быць ня менш за 30 адсоткаў жанчынаў, і нават палітычныя партыі павінныя падкрэсьліваць свае дзеяньні ў справе забесьпячэньня гентарнай роўнасьці. Адметныя нават назвы адпаведных дзяржаўных інстытуцыяў. У Даніі і Швэцыі ёсьць міністэрствы ў пытаньнях роўнасьці полаў ды іншыя ўстановы.
У Беларусі ж на дзяржаўным узроўні небагата падобных структураў. Ёсьць Нацыянальны савет у справе гендарнай палітыкі і цэнтар гендарнай палітыкі пры міністэрстве сацыяльнай абароны. Як, дарэчы, небагата магчымасьцяў у беларускіх жанчынаў уплываць на працэсы прыняцьця рашэньняў у краіне. У Беларусі толькі адна жанчына мае міністэрскую пасаду. Практычна ўсе кіруючыя крэслы ў краіне займаюць мужчыны. Замала і жанчыанў у палітыцы. Як адзначыла падчас свайго выступу прадстаўніца міністэрства сацыяльнай абароны Ірына Чуткова, паводле беларускага заканадаўства, у Беларусі забясьпечаная гентарная роўнасьць, але ж у рэальным жыцьці яе няма.
Да гэтага толькі дадам слушную заўвагу прэзыдэнткі Латвіі Вайры Вікі-Фрэйбэргі на канфэрэнцыі: у недэмакратычным аўтарытарным грамадзтве жанчына заўсёды дыскрымінаваная.
Якім чынам, усё ж, беларускія жанчыны могуць зьмяніць сытуацыю? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да ўдзельніцы канфэрэнцыі зь беларускага боку, старшыні Незалежнага дэмакратычнага руху Людмілы Пецінай:
(Пеціна: ) “Неабходна, каб паралельна праводзіліся дзьве стратэгіі – дэмакратычнае разьвіцьцё грамадзтва, і палітычная стратэгія дасягненьня гентарнай роўнасьці, якая патрабуе зьмены палітычных і культурных стэрэатыпаў. Сытуацыя ў Беларусі, безумоўна, не выглядае на карысьць жанчын, нягледзячы на тое, што ў нашай краіне жанчынаў 53 адсоткі. Жаночая група – гэта самая вялікая група працаўнікоў, жаночы электарат – самы вялікі ў нашай краіне, ён дасягае 60 адсоткаў, і жанчыны – самая адукаваная частка нашага насельніцтва. І тым ня менш жанчыны дыскрымінуюцца ў працоўнай сфэры, іх заробкі заўсёды ніжэйшыя за заробкі мужчынаў, яны маюць дыскрымінацыю пры прыёме на працу і звальненьні зь яе. Жанчыны таксама маюць праблемы ў сямейнай сфэры, якая, ва ўяўленьні нашага грамадзтва, зьяўляецца як бы жаночым абавязкам, і для жанчын гэта – звышнапружаньне, звышнагрузкі. Трэба выбудоўваць сваю стратэгію, гаварыць пра гэтыя праблемы, трэба мяняць сьвядомасьць як жанчын, так і мужчын, разбураць патрыярхальныя стэрэатыпы, у якіх жыве нашае грамадзтва. І, безумоўна, імкнуцца ў тыя сфэры, дзе вырашаюцца гэтыя праблемы – у сфэры прыняцьця рашэньняў, у парлямэнт, у вышэйшыя сфэры кіраваньня, дзе, на жаль, жанчын пакуль што вельмі мала. Безумоўна, жанчыны мусяць займацца палітыкай. Усе названыя праблемы могуць быць вырашаныя, калі жанчыны змогуць адстойваць новыя сацыяльныя праекты і новыя законы, якія ня толькі будуць дэкляраваць іх правы, але і адкрыюць магчымасьці для сапраўднай гентарнай роўнасьці”.