Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 ГАДОЎ СНІДУ – УРОКІ ДЛЯ ЗАХОДНЯГА ГРАМАДЗТВА І ДЛЯ БЕЛАРУСІ


Віталь Тарас, Прага

Паводле старадаўняга міту, Зэўс выкраў Эўропу. З гледзішча пазьнейшых філёзафаў, гэта быў пераход чалавецтва ад першабытнага стану да сучаснай гісторыі. Беларусі наканавана далучыцца да эўрапейскай цывілізацыі з усімі яе здабыткамі й праблемамі.

Сёньня гаворка пра СНІД. Якія ўрокі з гэтай страшнай эпідэміі вынесла для сябе грамадзтва на Захадзе і ў Беларусі?

“Sombody to love” – сьпяваў легендарны саліст брытанскага гурта Queen Фрэдзі Мэркюры. За дзень да сваёй сьмерці 10 гадоў таму ён афіцыйна паведаміў, што ў яго СНІД.

Сярод ахвяраў гэтай невылечнай хваробы былі выдатны майстар балету Рудольф Нурыеў, некаторыя іншыя вядомыя дзеячы мастацтва на Захадзе.

А ўсяго за дваццаць гадоў эпідэмія забрала жыцьці 22 мільёнаў чалавек на ўсіх кантынэтах.

“5 чэрвеня 1981 году служба эпідэміялягічнага кантролю ЗША адзначыла некалькі выпадкаў рэдкага інфекцыйнага захворваньня лёгкіх у Лос-Анджэлесе. Абсьледваньне пяці маладых пацыентаў-гомасэксуалістаў паказала, што ў іх была амаль цалкам разбураная імунная сыстэма арганізму. Ад гэтага пайшла назва хваробы – сындром набытага імунадэфіцыту. На сёньняшні дзень так званая ВІЧ-інфэкцыя паразіла каля 36 мільёнаў чалавек у сьвеце – гэта насельніцтва кантынэнту Аўстралія”.

“У нашай краіне сэксу няма” – казала некалі ўдзельніца савецкай тэлеперадачы эпохі галоснасьці. Такім чынам, можна сказаць, што СНІД у былым Савецкім Саюзе зьявіўся раней за сэкс. Пра яго пісаць дазвалялася. Але спачатку ў савецкай прэсе ўсур’ёз падавалася вэрсія аб тым, што хваробу, нібыта, вынайшлі ў ЦРУ – у якасьці сакрэтнай бактэрыялягічнай зброі…

“Колькасьць ВІЧ-інфікаваных штодня павялічваецца ў сьвеце на 14 з паловай тысячаў. У ЗША эпідэмія дасягнула свайго піку ў сярэдзіне 80-х гадоў, і толькі ў 1997-м зьявіліся першыя прыкметы яе спаду. У іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі, колькасьць ахвяраў СНІД працягвае расьці.

Напрыканцы мінулага году ў Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак налічвалася каля 3-х тысяч носьбітаў вірусу імунадэфіцыту. Амаль палова зь іх зарэгістраваная ў Сьветлагорску Гомельскай вобласьці. У Беларусі ўжо амаль не засталося раёнаў, дзе б зусім не было заражаных СНІДам”.

У 86-м годзе, калі эпідэмія СНІДу выклікала сапраўдную паніку на Захадзе, нехта Ўільям Баклі заклікаў рабіць татуіроўку ў выглядзе таўра на ўсіх, хто зьяўляецца носьбітам вірусу.

У гітлераўскіх канцэнтрацыйных лягерах вязьняў-гомасэксуалістаў таксама па-свойму кляймілі: яны мусілі насіць блякітныя эмблемы, як гэбраі – жоўтыя зоркі. І тых, і іншых нацысты зьнішчалі як няпоўнавартасных асобаў.

Для таго, каб спыніць хваробу, трэба, найперш, зразумець яе прычыны, а галоўнае – гуманна ставіцца да хворых людзей.

Лекары прапанавалі гуманныя і, галоўнае, – больш надзейныя меры перасьцярогі: карыстацца толькі аднаразовымі шпрыцамі і ўжываць прэзэрватывы. У Галяндыі нядаўна абсталявалі некалькі пунктаў, дзе наркаманы могуць зрабіць сабе невялікую ін’екцыю патрэбнага ім рэчыва, і ўсё гэта – у стэрыльных умовах. Такое пакуль немагчыма ўявіць у многіх іншых краінах, у тым ліку, на Захадзе.

Тым ня менш, як піша газэта Іnternacional Herald Tribune, у ЗША СНІД зьмяніў цэлыя сацыяльныя сфэры жыцьця – такія як “страхаваньне, мода, філянтропія, ахова здароўя, нерухомая ўласнасьць і музычная індустрыя”.

Хвароба выклікала ўвагу заходняга грамадзтва ня толькі да яе самой, але да прычынаў, якія спрыяюць яе распаўсюджаньню. Вядома, што найчасьцей носьбітамі і ахвярамі вірусу становяцца наркаманы і гомасэксуалісты.

“Люсі ў нябёсах з дыямэнтамі” – сьпявалі некалі Бітлз. Па-ангельску першыя літары словаў назвы гэтай песьні – Lucie in the Sky with Diamonds – чытаюцца як LSD. Гэта абрэвіятура аднаго з наймоцных штучна атрыманых наркотыкаў. Частка рок-музыкаў, трэба прызнаць, спрычыніліся да таго, што наркотыкі і нетрадыцыйныя сэксуальныя паводзіны сталіся досыць папулярнымі сярод моладзі.

Адным з нечаканых вынікаў, дакладней, урокаў трагедыі, якая закранула мільёны людзей, сталася зьмена стаўленьня да геяў – прынамсі, у ЗША. Пакуты гэтых людзей, непазьбежная сьмерць ахвяраў невылечнай хваробы выклікалі да іх спачуваньне і разуменьне з боку іншых.

Нянавісьць і нападкі на геяў ды іншых прадстаўнікоў сэксуальных мяншыняў сталіся непрымальнымі ў амэрыканскім грамадзтве, ды і ў большасьці эўрапейскіх краінаў таксама.

Гэтага, на жаль, ня скажаш пра Беларусь. Вось меркаваньне дэкана Беларускага калегіюму, філёзафа Алеся Анціпенкі.

(Анціпенка: ) “Думаю, што ў стаўленьні да сэксуальных меншасьцяў ў Беларусі трэба разрозьніваць некалькі істотных рэчаў. Перад усім, ёсьць агульная сытуацыя неталерантнасьці ў краіне. Гэта тая сытуацыя, калі ўсё адрознае, нестандартнае, непадобнае рэпрэсуецца.

Відавочна, што ў сытуацыю адрознасьці трапляюць ня толькі прадстаўнікі сэксуальных меншасьцяў. У адной са сваіх перадачаў БТ, да прыкладу, у адным шэрагу так званых “блакітных” рэпрэзэнтавала і прадстаўнікоў апазыцыі. Шэраг быў выбудаваны ў кірунку ўзмацненьня нэгатыўнага стаўленьня як да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў, гэтак і беларускай апазыцыі.

Існуе, безумоўна, і стэрэатып побытавага стаўленьня да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. І гэта стэрэатып таксама нэгатыўны. Аднак, я б не хацеў перабольшваць ягоную сур’ёзнасьць, бо паводле гэтага стэрэатыпу і традыцыйныя сэксуальныя паводзіны даволі часта рэпрэзэнтуюцца з рознымі адценьнямі пошласьці.

Нарэшце, ёсьць сапраўды сур’ёзная праблема ў стаўленьні да нетрадыцыйных сэксуальных паводзінаў. Гэтая праблема зьвязаная з маральнымі, а менавіта юдахрысьціянскімі ўяўленьнямі пра сэксуальныя стасункі паміж рознымі паламі. Таму мяркую, што сучасная сытуацыя для сэксуальных меншасьцяў у Беларусі, мабыць, даволі некамфортная”.

Да словаў Алеся Анціпенкі дадамо, што першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Замяталін на калегіі аховы здароўя заявіў з бальшавіцкай непасрэднасьцю: гомасэксуалізм беларусам “не ўласьцівы”.

За апошнія дваццаць гадоў, піша амэрыканскі часопіс Newsweek, вырасла новае пакаленьне, якое ня ведае сьвет такім, якім ён быў да эпідэміі СНІДУ. З таго часу жахлівая эпідэмія шмат у чым зьмяніла нашыя паводзіны – тое, як мы думаем, кахаем, чаму вучым нашых дзяцей.

Да зьяўленьня СНІДу лічылася, што ўсе самыя страшныя эпідэміі – такія, напрыклад, як грып “гішпанка” ў 1918 годзе – засталіся ў мінулым, – гаворыць дырэктар Амэрыканскага нацыянальнага інстытуту інфэкцыйных і алергічных хваробаў Энтоні Фосі. На ягоную думку, новыя хваробы могуць несьці яшчэ большую пагрозу чалавечай папуляцыі, і так гэта адбылося са СНІДам.

Апрача іншага, СНІД зьмяніў само паняцьце “пацыент”. Хворыя на СНІД ладзяць навуковыя канфэрэнцыі, аб’ядноўваюцца ў асацыяцыі, каб дапамагаць адно аднаму, увесь час падштурхоўваюць працэс пошуку навукоўцамі новых лекаў.

25 чэрвеня пад эгідай ААН зьбярэцца міжнародная канфэрэнцыя, удзельнікі якой будуць вырашаць – дзе ўзяць 10 мільярдаў даляраў на прафіляктыку СНІДу. Падлічана, што калі прыняць экстраныя захады, кожны наступны год ад яго будуць паміраць “усяго” 5 мільёнаў чалавек. Калі не рабіць нічога – лічба ўзрасьце да 12 мільёнаў сьмерцяў за год.

І хаця ЗША і Заходняя Эўропа накіроўваюць вялікія сродкі на тое, каб зрабіць іх кошт больш даступным для насельніцтва краінаў трэцяга сьвету і новых незалежных дзяржаваў, праблема далёкая ад вырашэньня.

Канечне, сытуацыя ў Беларусі пакуль не такая, як у некаторых афрыканскіх краінах, дзе колькасьць заражаных імунадэфіцытам складае ад 15 да 36 адсоткаў дарослага насельніцтва…

З хваробай у Беларусі змагаюцца – у асноўным, з дапамогай нагляднай агітацыі, рознага роду лекторыяў, “месячнікаў прафіляктыкі” і г.д. Плякаты беларускіх мастакоў на тэму барацьбы са СНІДам час ад часу бяруць міжнародныя прэміі. З аднаразовымі шпрыцамі цяжэй. Нярэдка іх мусяць купляць самі пацыенты, ня кажучы ўжо пра імпартныя лекі, якія каштуюць вельмі дорага. Гадавы курс антывіруснага лекаваньня каштуе 10-12 тысячаў даляраў.

Ці адучвае новае пакаленьне беларусаў усю небясьпеку праблемы, зь якой яны могуць непасрэдна сутыкнуцца ў будучым? Вось думка Алеся Анціпенкі:

(Анціпенка: ) “Я думаю, што тут мы, хутчэй, маем справу з нэўтральным стаўленьнем. Але, безумоўна, акцэнты, як я адчуваю, усё больш і больш схіляюцца ў кірунку сур’ёзнага ўспрыняцьця гэтай праблемы”.

І ўсё ж, што тычыцца галоўнага – прычынаў распаўсюджваньня СНІДу, таксама як і наркотыкаў (а гэтыя дзьве праблемы ідуць поруч) – улады ў Беларусі пакуль спрабуюць іх вырашыць традыцыйным савецкім спосабам: не заўважаць альбо рабіць выгляд, што падобныя праблемы наогул “не ўласьцівыя” беларускаму народу. Людзі нетрадыцыйнага мысьленьня альбо спосабу паводзінаў залічаюцца калі не ў разрад ворагаў, дык ідэйнай апазыцыі.

Між тым, грамадзтва на Захадзе ўсё больш усьведамляе, што людзі адрозныя ад іншых, таксама маюць права на каханьне і спачуваньне, як і ўсе астатнія. Што ня можа быць нейкага адасобленага ад усіх гета, у якім усё, што б там ні адбывалася, астатніх ня тычыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG