Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫГУНАЧНЫ СУД ВІЦЕБСКУ З ДАПАМОГАЙ ЗАТРЫМАНЫХ ШУКАЕ ВЫКАНАЎЦАЎ ЗАТРЫМАНЬНЯ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня ў суд Чыгуначнага раёну Віцебску былі выкліканыя сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірына Байдак, Эдуард Бохан ды Натальля Завадзкая. Іх віцебскія міліцыянты затрымалі 13-га траўня пад час правядзеньня адмысловай акцыі.

Акцыя мела характар грамадзкага апытаньня віцяблянаў. У іх пыталіся, якую сымболіку яны лічаць сваёй. У якасьці ўзораў удзельнікі мелі пры сабе чырвона-зялёны і бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама плякат з выявамі Пагоні і цяперашняга афіцыйнага гербу, пад якімі свае прыхільнасьці маглі засьведчыць уласнымі подпісамі ўсе ахвотныя.

Але скончылася тады апытаньне праз 40 хвілінаў зьяўленьнем міліцэйскай машыны. У пратаколах затрыманьня яно ператварылася ў несанкцыянаваны пікет.

Гэтая фармулёўка і прагучала сёньня ў судовым абвінавачваньні. Аднак Ірына Байдак ды Эдуард Бохан выказалі катэгарычную нязгоду з падобным разуменьнем акцыі.

Каб выклікаць сьведкаў, судзьдзя Сьвятлана Туфан мусіла перанесьці паседжаньне. Дарэчы, ідэнтыфікаваць міліцыянтаў – удзельнікаў затрыманьня – ёй так і не ўдалося. Ня высьветліўшы гэтага з пратаколаў, судзьзя мусіла зьвярнуцца па дапамогу да саміх затрыманых.

І цяпер, паводле вуснага апісаньня мастака Эдуарда Бохана, у Чыгуначным РАЎС будуць шукаць высокага чарнявага хлопца ў форме, а суд пераносіцца на 7-га чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG