Літоўскія палітыкі вельмі ганарацца тым, што Вільня атрымала магчымасьць правесьці такі прадстаўнічы форум. Літва, як вядома, імкнецца ў НАТО і спадзяецца атрымаць запрашэньне ў гэтую арганізацыю ўжо на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў Альянсу, што пройдзе ў Празе восеньню наступнага году. Сэсію Парлямэнцкай асамблеі ў Вільні літоўскія палітыкі расцэньваюць як яшчэ адзін аргумэнт на сваю карысьць.
ПА НАТО была створаная яшчэ ў 1955 годзе, хаця сваю цяперашнюю назву атрымала ўсяго два гады таму. Двойчы на год — вясной і ўвосень ПА зьбіраецца на пленарную сэсію. Прэзыдэнт Асамблеі — гішпанец Рафаэль Эстрэла.
Асамблея ўключае 214 парлямэнтары з 19 краінаў-сяброў Альянсу і 73 дэпутаты з 17 краінаў-асацыяваных сябраў, якія ня маюць права голасу ў працы Асамблеі. Сярод гэтых краінаў — Расея, Украіна, Альбанія, але няма Беларусі. Чаму так адбылося, распавядае Мечыслаў Грыб, які быў наглядальнікам ад Беларусі на ўсіх апошніх сэсіях Асамблеі:
(Грыб: ) "Беларусь мела асацыяваны статус да восені 1996 году. А ў лістападзе таго году на сэсіі Асамблея разгледзела пытаньне пра маючы адбыцца рэфэрэндум і прыпыніла гасьцявы статус Беларусі. З таго часу па сёньняшні дзень ён не аднаўляўся.
Але мяне і Анатоля Лябедзьку кожны год запрашалі як наглядальнікаў на сэсіі ад нашай краіны. У нас у Вярхоўны Савеце 13-га скліканьня была дэлегацыя, якая працавала з ПА НАТО. Я быў сябрам гэтай камісіі".
На гэтую сэсію Мечыслаў Грыб, зрэшты, як і іншыя зь Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, запрашэньня не атрымаў. Паводле Грыба, гэта зьвязана з тым, што, на думку парлямэнтароў НАТО, паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету ўжо скончаныя. Зрэшты, не былі запрошаныя на Асамблею і прадстаўнікі афіцыйных беларускіх парлямэнцкіх структураў.
Ад Беларусі гэтым разам на Асамблею назіральнікамі прыедуць пачэсны старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч і кіраўнік галіновага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук.
Станіслаў Багданкевіч паведаміў мне, што ў сваім выступе будзе гаварыць пра тое, што Беларусь ня бачыць пагрозы ў НАТО, але разам з тым краіна не павінна ўступаць ў ваенныя блёкі ні на Ўсходзе, ні на Захадзе і прытрымлівацца свайго нэўтралітэту.
Таксама на паседжаньні аднаго з камітэтаў — які літаральна называецца "Грамадзянскія памеры бясьпекі" — будзе выступаць Аляксандар Фядута, рэпрэзэнтаваны як прэзыдэнт дасьледчага цэнтру "Сацыяльныя тэхналёгіі".