Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ РАЗГАРНУЛАСЯ КРЫТЫКА ДЭПУТАТА СОЙМУ СЫЧЭЎСКАГА ЗА ЯГО ВЫСТУП НА “ЎСЕБЕЛАРУСКІМ СХОДЗЕ”


Кастусь Бандарук, Прага

На сходзе Ян Сычэўскі гаварыў, што і Польшча, і Беларусь зьяўляюцца маладымі дэмакратыямі, якія праходзяць трансфармацыю. Аднак, дэфініцыя дэмакратыі, на думку Сычэўскага, не адна. У Польшчы – гэта народная ўлада, але пад дыктатам замежных дзяржаваў. Дэпутат асудзіў таксама польскі варыянт прыватызацыі, які заснаваны на продажы дзяржаўнай маёмасьці за адну дзясятую цаны. Сычэўскі пахваліў беларускія ўлады за тое, што яны не дапускаюць раскраданьня дзяржаўнай маёмасьці, калі прыбытак ідзе не на патрэбы ўсяго грамадзтва, а для жменькі бізнэсоўцаў. Ён таксама адзначыў, што абвінавачаньні з боку Польшчы ды іншых краінаў на адрас Беларусі “не заўсёды абгрунтаваныя”, і што калі Беларусь ня слухае павучаньняў з боку іншых краінаў, дык гэта ня значыць, што яна – недэмакратычная дзяржава.

Сёньня ў гутарцы з журналістамі Ян Сычэўскі заявіў, што Беларусь для яго другая этнічная Радзіма. Ён адзначыў, што ў Менску яму як госьцю і прадстаўніку беларускай меншасьці ў Польшчы не выпадала крытыкаваць гаспадароў, а на настойлівае пытаньне журналістаў, як ён ацэньвае грамадзка-палітычную сытуацыю ў Беларусі, ян Сычэўскі заявіў, што “ў параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай, Беларусь спраўляецца нядрэнна”.

Прамову дэпутата на Ўсебеларускім сходзе ў Менску асудзілі партыі Унія Свабоды і Паразуменьне Правых сілаў. Саюз Левых Сілаў назваў заяву Сычэўскага “не да месца” і мае намер запатрабаваць ад дэпутата тлумачэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG