(Карэспандэнт: ) “Ці адпавядае падрыхтоўка назіральнікаў за выбарамі або дапамога ў падрыхтоўцы назіраньня міжнароднай практыцы і, у прыватнасьці, мандату місіяў АБСЭ у краінах гэтай арганізацыі?”
(Нібэрг: ) “Безумоўна. КНГ АБСЭ ў Менску ніколі не рабіла нічога, што перавышала б яе мандат. Гэта не адзін раз было растлумачана ўладам у Менску. КНГ АБСЭ ў Менску дзейнічае выключна ў рамках свайго мандату, і працэс навучаньня ўнутраных назіральнікаў за выбарамі, як і фінансаваньне гэтага працэсу, ёсьць абсалютна празрыстыя і абсалютна адпавядаюць нармальным працэдурам АБСЭ для такога навучаньня. Такім чынам, АБСЭ вельмі цяжка зразумець стаўленьне беларускага ўраду да гэтага пытаньня”.
(Карэспандэнт: ) “Ці былі выпадкі ў практыцы прадстаўніцтваў АБСЭ у асобных краінах, калі кіраўнік такога прадстаўніцтва быў бы абвешчаны “пэрсонай нон-грата?”
(Нібэрг: ) “Гэта здарылася толькі аднаго разу, калі рэжым Слабадана Мілошавіча адмовіў у прыезьдзе ў Бялград спадару Гансалесу, калі ён быў кіраўніком КНГ АБСЭ ў Югаславіі. Так што адзін раз такое ўжо здаралася”.
(Карэспандэнт: ) “Значыцца, другі выпадак можа здарыцца ў Беларусі?”
(Нібэрг: ) “Так, калі зважаць на апошнія падзеі. Але я мушу сказаць, што гэта сапраўды ўнікальная сытуацыя, калі краіна, якая запрасіла місію АБСЭ для дапамогі працэсу дэмакратызацыі, цяпер пагражае выслаць кіраўніка місіі. Гэта сапраўды ўнікальна”.