Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 ТРАЎНЯ. ВАСІЛЬ БЫКАЎ: ЗДАБЫЎШЫ ПЕРАМОГУ, МЫ НЕ ЗДАБЫЛІ СВАБОДЫ


Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі

Пасьля не было нічога болей справядлівага, высокага па ідэі і выразнага па выніку, чым можна было б задаволіцца, ня тое што ганарыцца. Што б не было ўрэшце рэшт так абясцэнена, зьняважана, дыскрэдытавана людзьмі або часам.

Хоць пяцігодкі, хоць барацьба за мір, хоць шалёная ядзерная гонка ці той жа Косамас, - усё ў нашай гісторыі блеф, калі не злачынства. Адзінае добрае, што зьдзейсьнілі старэйшыя пакаленьні ў 20-м стагодзьдзі, сапраўды была гэтая перамога над нямецкім нацызмам.

Але ўзьнікае сумненьні і ў перамозе. Найперш, у яе імпэратыўнай адназначнасьці. Ад чаго яна пазбавіла чалавецтва – мы ведаем. І тое, можа быць, не падлягае сумневу. Але што зь ёю мы набылі? Усё ж кожная перамога павінная ня толькі ўзяць, але і даць.

Во - краіны пераможаныя – Нямеччына, Італія, Японія стрывалі паразу і менавіта праз тое атрымалі магчымасьць для небывалага росквіту эканомікі, свабоды і дэмакратыі. А мы, пераможцы, дагэтуль ня можам дамагчыся элемэнтарнай свабоды, ня можам накарміць сябе.

Можна сказаць, што, здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва?

А што да расійцаў, дык тыя і дагэтуль ня могуць перастаць ваяваць. І за якія ідэалы? За звыродлівыя, спарахнелыя імпэрскія ідэалы, як і сто, і тысячу гадоў таму.

У пераможнай эйфарыі зашмат ад эмоцыяў і дужа мала ад розуму. Бо разумны, рацыянальны падыход да вайны ня выгадны рэжымам, якія і тую даўнюю, вялікую перамогу прызвычаіліся выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах – інтарэсах антычалавечых і антыдэмакратычных. Тое ім удаецца выдатна: хоць у Расіі, хоць у Беларусі.

Як доўга тое будзе адбывацца, хто ведае. Мусіць, у пэўных варунках доўга, але, напэўна ж, ня вечна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG