Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫПЛЯМАТЫ ЛАТВІІ КАЖУЦЬ, ШТО ПАКУЛЬ НЕ РАЗГЛЯДАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ ЯК ПАГРОЗУ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ў беларускае Міністэрства замежных справаў запрасілі часовага паверанага ў справах Латвіі ў Беларусі Эгана Нэйманіса. Ад яга запатрабавалі тлумачэньняў з нагоды інтэрвію міністра абароны Латвіі Гірта Крыстоўскіса, дзе Беларусь была названая верагодным праціўнікам — праз тое, што афіцыйны Менск ёсьць апошнім таталітарным рэжымам у Эўропе.

Вось што паведаміў пасьля свайго візыту ў МЗС кіраўнік дыпляматычнае місіі Латвіі:

(Нэйманіс: ) "Я думаю, што няма патрэбы глыбока аналізаваць сытуацыю, але натуральна, што беларускі бок жадаў даведацца гледзішча Латвіі ў зьвязку з інтэрвію нашага міністра Крыстоўскіса, і я выказаў тое, што адным з прыярытэтаў Латвіі ёсьць падтрыманьне дружалюбных стасункаў з краінамі-суседзямі, у тым ліку зь Беларусьсю, і што Латвія ня бачыць у Беларусі крыніцы пагрозы сваёй бясьпецы", — заявіў Эган Нэйманіс, часовы павераны ў справах Латвіі ў Беларусі.

Ад панядзелка Беларускае тэлебачаньне выконвае загад намесьніка старшыні дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, які ў нядзельным "Рэзанансе" даручыў у кожным выпуску навінаў паведамляць пра рэакцыю на інтэрвію міністра абароны Латвіі з боку акрэдытаваных у Менску амбасадаў НАТО.

Журналісты тэлебачаньня задаюць дыпляматам пытаньне, ці ня ёсьць заява пра Беларусь як патэнцыйнага ваеннага праціўніка перадумоваю прыняцьця Латвіі ў НАТО.

Але на гэтае пытаньне ўжо адказаў у Рызе міністар замежных справаў Латвіі Індуліс Бэрзіньш: "Латвія далучаецца да НАТО не для таго, каб выступаць супраць якой-небудзь краіны, супраць суседніх з намі Расеі ці Беларусі. Мы далучаемся да НАТО, каб разам зь іншымі краінамі ў выпадку неабходнасьці прадухіліць мажлівыя пагрозы ў будучыні. Якімі могуць быць гэтыя пагрозы, ад якіх краін яны могуць зыходзіць, зараз ня ведае ніхто".

Паводле спадара Бэрзіньша, цяпер на Латвію ніхто нападаць не зьбіраецца, пытаньне — пра будучыню, аднак мова ня йдзе пра канкрэтныя дзяржавы. Менавіта такі адказ міністар замежных справаў Латвіі паабяцаў даць і Беларусі, калі тая запатрабуе афіцыйных тлумачэньняў.

Міністар жа абароны Латвіі Гірт Крыстоўскіс лічыць, што ў выкладаньні газэтаю "Суббота" ягонага інтэрвію радыё "MIX FM 102.7" былі зьмененыя акцэнты, што й выклікала рэакцыю беларускага МЗС.

У інтэрвію газэце "Diena" міністар абароны Латвіі зазначыў, што "ў сваёй інтэрпрэтацыі Беларусь сьвядома ігнаруе сапраўдныя значэньні міжнародна прынятае вайсковае тэрміналёгіі".

Паводле Гірта Крыстоўскіса, з тэксту ягонага інтэрвію газэце "Суббота" відаць, што Беларусь была названая "не патэнцыйным ворагам, а мажлівым праціўнікам, што ёсьць міжнародна прынятым вайсковым тэрмінам у распрацоўцы абароннае дактрыны дзяржавы". У інтэрвію газэце "Diena" міністар абароны Латвіі дадаў: "Патэнцыйны праціўнік — гэта не палітычнае, а вайсковае азначэньне".

Гірт Крыстоўскіс таксама нагадаў, што ў сваім першым інтэрвію на радыё ён зазначыў, што Латвія ня бачыць пагрозы ў суседніх дзяржавах.

Цікава, што неназваны высокапастаўлены чыноўнік міністэрства абароны Латвіі неафіцыйна заявіў у тым жа сёньняшнім нумары газэты "Diena": "У распараджэньні беларускае арміі ёсьць зброя нападу, што верагодна павялічвае патэнцыял гэтае дзяржавы як ваеннага агрэсара.

Узбраеньне ж арміі Латвіі прызначанае толькі для абароны, і таму лягічна, што менавіта з гэтай прычыны Беларусь ня лічыць нас патэнцыйным праціўнікам", — сказаў прадстаўнік міністэрства абароны Латвіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG