Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАН ЗДАРОЎЯ ГАЛАДОЎШЧЫЦЫ ПАГОРШЫЎСЯ.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня Алена Захожая, нягледзячы на кепскае адчуваньне і ацёкі цела, выкліканыя працяглай галадоўкай, вырашыла дабрацца да свайго працоўнага месца на шынным камбінаце. Дапамог сын Яўген.

(Яўген: ) "Да прыпынку, да якога звычайна дабіраемся хвілін пяць, сёньня мы дайшлі за хвілін 30. Яна вельмі аслабела — круціцца галава, яе раз-пораз ванітуе. Пачаліся ацёкі. І, падобна, што яна перастала піць ваду з-за гэтых ацёкаў", — паведаміў пра стан маці сын Алены Захожай.

Калегі спадарыні Захожай па вытворчасьці, дзе яна працуе электраманцёрам, ахарактарызавалі адчуваньне лідэркі мясцовай суполкі Незалежнага прафсаюзу як вельмі нездавальняючае:

(Калега: ) "Ёй цяжка ісьці да тэлефону. Яна ідзе й трымаецца за сьцяну".

З прычыны такога стану Алены Захожай заводзкае начальства напачатку вырашыла адхіліць яе ад выкананьня вытворчага заданьня. Але перадумала. Сабраўшы рэшту сілаў, прафсаюзная лідэрка правяла сёньняшні дзень на працоўным месцы.

Яна чакала ад адміністрацыі "Белшыны" нейкіх дзеяньняў у адказ на сваю акцыю пратэсту. Алена Захожая спадзявалася, што кіраўніцтва Бабруйскага шыннага камбінату задаволіць ейнае патрабаваньне — прадаставіць прафсаюзу даведку аб наяўнасьці ў яго юрыдычнага адрасу, патрэбнага для рэгістрацыі.

У Бабруйску галадоўка рабочай "Белшыны" набывае ўсё большы грамадзкі розгалас. Ведаюць пра яе і ўлады гораду. Аднак, як вынікае з словаў прадстаўніка вэртыкалі Валер'я Чарняка, улады ня вызначыліся са сваёй пазыцыяй адносна акцыі пратэсту. Паводле некаторых зьвестак, адказнасьць за магчымыя наступствы галадоўкі яны вырашылі перакласьці на кіраўніцтва "Белшыны".

Адміністрацыя шыннага камбінату пачала рабіць захады для прадухіленьня бяды. Прэзыдэнту Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктару Бабаеду паабяцалі, што спадарыня Захожая атрымае даведку для рэгістрацыі суполкі. У другой палове дня я зьвязаўся зь лідэркай незалежнага прафсаюзу, і гэтае пытаньне ўсё яшчэ не было вырашанае. Вось што паведаміла Алена Захожая:

(Захожая: ) " Пакуль цішыня. Нават ня ведаю — пішуць яе ці ня пішуць".

(Карэспандэнт: ) "Хто прымае рашэньне ў гэтай сытуацыі?"

(Захожая: ) "Рашэньне павінен прыняць генэральны дырэктар. Але ці будзе прынятае такое рашэньне пра даведку, мо Бабаед занадта аптымістычны — хто ведае. Але, што тычыцца мяне, то я вельмі ўдзячная людзям за падтрымку", — зазначыла Алена Захожая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG