Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДПОЛЬНЫ ЦЭНТАР ВЭРБОЎКІ ПРАСТЫТУТАК І АДПРАЎКІ ІХ НА ЗАХАД МЕСЬЦІЎСЯ Ў ПРУЖАНАХ


Ігар Карней, Менск

Паводле папярэдніх зьвестак нямецкіх ды аўстрыйскіх праваахоўчых органаў, з жаданьнем атрымаць прыбытковую працу на Захадзе ў Пружаны зьяжджаліся дзяўчаты пераважна зь Сярэдняй Азіі — Казахстану, Узбэкістану, Кіргізіі. Наступныя па колькасьці — беларускі. Меншую долю складалі бліжэйшыя суседзі з Расеі і Ўкраіны — падобна, толькі таму, што аналягічных прапановаў там хапае.

Паводле зьвестак сьледзтва, ніхто з ахвяраў пружанскіх афэрыстаў не зьбіраўся адмыслова займацца прастытуцыяй; усе меліся прайсьці за мяжой курсы навучаньня танцам, каб надалей працаваць у рэстарацыях ды начных клюбах. Менавіта гэта абяцалі кліенткам пружанскія мафіёзі.

Ужо ў часе сьледзтва ў гатэлях і падпольных прытонах Бэрліну, Дрэздэну, Вены, Зальцбургу ды ў іншых гарадох затрымалі больш за 40 жанчынаў, якія трапілі туды менавіта па пружанскім “кантракце”. У паўсотні падазроных аб’ектаў правялі ператрусы. Наклалі арышт на рахункі й маёмасьць беларускіх "партнэраў" у Нямеччыне і Аўстрыі. Блякаваныя дзясяткі кватэраў, якія выкарыстоўвалі для інтымных сустрэчаў.

Паралельна сумесная група захопу працавала і ў Пружанах. Узятыя пад варту чацьвёра арганізатараў міжнароднага сындыкату; двух, паводле зьвестак беларускага Камітэту ў справах арганізаванай злачыннасьці й карупцыі, затрымаць не ўдалося дагэтуль.

Накладзены арышт на ўсю дакумэнтацыю фірмы, якая некалькі гадоў працавала па падробных дакумэнтах з фармулёўкай "пасярэдніцкая дзейнасьць". У МУС пацьвярджаюць, што ўсе затрыманыя — мясцовыя жыхары.

Зараз распачатая крымінальная справа. Жанчынам, якія ў бальшыні сваёй знаходзіліся за мяжой нелегальна, пагражае дэпартацыя. У некаторых няма ніякіх дакумэнтаў, а гэта значыць, што яны былі папросту нявольніцы.

Пакуль ніводны з цэнтраў псыхалягічнае дапамогі не атрымліваў зваротаў ад пацярпелых. Кіраўніца адной з такіх структураў, "Асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчынаў", Ірына Альхоўка кажа, што іхная мэта — высьветліць, чаму ахвяры афэрыстаў пазьбягаюць кантактаў. Таму яны маюць намер адшукаць хоць некаторых зь іх і прапанаваць прынамсі маральную падтрымку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG