(Карэспандэнт: ) “Можна лічыць за сьвята 1 траўня – Дзень працы?”
(Мінак: ) “Я не лічу гэта за сьвята. Раней інакш думаў – лічыў, што гэта нармальна. А зараз думаю, што гэта няважна”.
(Іншы мінак: ) “Гэта ня сьвята. Я ня маю дыскамфорту, што яно зараз не сьвяткуецца як раней. Ва ўсім сьвеце галоўныя сьвяты – гэта Каляды, Вялікдзень, а ўсё астатняе прыдуманае ўжо камуністамі”.
(Іншы мінак: ) “Гэтае сьвята сябе зжыло, на маю думку”.
(Карэспандэнт: ) “А добра ці дрэнна, што няма ранейшых дэманстрацыяў?”
(Іншы мінак: ) “Вядома, добра, хай людзі адпачываюць, гуляюць, радуюцца сонцу”.
(Іншы мінак: ) “Людзі будуць сьвяткаваць свае сьвяты”.
(Міначка: ) “Раней людзі жылі гэтымі дэманстрацыямі, усёй сям’ёй раней прасыналіся, а зараз вось так… Кепска”.
(Іншая міначка: ) “Ужо прайшлі тыя часы, калі ад гэтага сьвята неяк усё ішло, а тым больш, калі працуеш, дык неяк і забываеш, што сьвята”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы сьвяткуеце 1 траўня?”
(Іншы мінак: ) “На шашлыкі паедзем”.
(Іншы мінак: ) “Я ніяк ужо даўно не сьвяткую, тым больш што на лецішчы працуем. А калі быў студэнтам, дык ганялі на прымусовую дэманстрацыю. Так што яшчэ з тых часоў я ня надта люблю гэтае сьвята”.
(Іншая міначка: ) “На дачу едзем з мужам, працаваць будзем. Якія сьвяты? Каб неяк бульбу пасадзіць”.
(Карэспандэнт: ) “Каб сёньня была нейкая дэманстрацыя, Вы пайшлі б на яе?”
(Іншая міначка: ) “Нашто мне гэтая дэманстрацыя? Яна нічога не дае, ні прыемнага, ні добрага, нічога”.