Замовы на імшу па ахвярах Чарнобыльскай трагедыі на 26 сакавіка падалі ў берасьцейскі рымска-каталіцкі касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, грэка-каталіцкую парафію Сьвятых апосталаў Пятра і Андрэя, а таксама ў праваслаўную Сьвята-Сімэонаўскую царкву.
Сьвятары праваслаўнага храму катэгарычна адмовіліся чытаць агульную малітву за Беларусь і прапанавалі кожнаму паасобку прыходзіць у царкву і ставіць сьвечкі.
Берасьцейскі гарвыканкам забараніў у горадзе жалобны мітынг і шэсьце.
А 19-й гадзіне ў цэнтры Берасьця, на скрыжаваньні вуліцы Савецкай і праспэкта Машэрава пачалася несанкцыянаваная акцыя. Каля 80 чалавек з запаленымі сьвечкамі й бел-чырвона-белымі сьцяжкамі правялі гадзіну смутку па ахвярах Чарнобылю.
Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі, кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Дзедзіч" Зьміцер Шыманскі:
(Шыманскі: ) "Што мяне сюды прывяло? Я вельмі заклапочаны тым, як сёньня вырашаецца праблема наступстваў Чарнобыльскай аварыі і як улада ставіцца да гэтай праблемы. Мяне вельмі хвалюе, што з-за здрадніцкай палітыкі звычайныя людзі забываюцца пра гэтую трагедыю, яны прызвычаіліся гэтак жыць".
Падобныя акцыі сёньня прайшлі ў іншых гарадох Берасьцейшчыны. У Бярозе гадзіна смутку прайшла на галоўнай плошчы гораду.