Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЫ ВЯДОМЫХ ЛЮДЗЕЙ НА МЕНСКІХ МОГІЛКАХ — ЗАНЯДБАНЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Вайсковыя могілкі Менску, 10-я гадзіна раніцы. Людзей, што прыйшлі на магілы сваіх родных і сваякоў, яшчэ няшмат. Заходжу на адну з цэнтральных алеяў, дзе пахаваныя вайскоўцы Чырвонай арміі, што загінулі ў ліпені 1944 году ў баях за Менск. Магілы вайскоўцаў даволі дагледжаныя (напярэдадні Радаўніцы іх прыбіралі работнікі камунальнай службы), чаго нельга сказаць пра могілкі ў цэлым.

У канцы гэтай алеі пахаваныя народныя паэты Беларусі Янка Купала й Якуб Колас ды іхныя сваякі. Магілы паэтаў больш-менш прыбраныя, ляжаць некалькі сьціплых кветак. Ля гэтых помнікаў я сустрэў выкладчыцу Ранальду Пятроўну і яе дачку Юлю, якія прыйшлі на могілкі да родных, а таксама ўшанаваць памяць народных паэтаў. Да іх першае пытаньне:

(Карэспандэнт: ) "На вашую думку, магілы вядомых паэтаў ды іншых дзеячоў Беларусі — ці ў належным стане яны?"

(Ранальда Пятроўна: ) "Вядома, не. Не зусім. Жыцьцё, мусіць, такое цяжкае. Стараюцца служыцелі тут, захоўваюць чысьціню, але ўсё адно запусьценьне. Скажаце, не?"

(Юля: ) "Добра было б, каб людзі прыходзілі да сваіх дзеячоў, каб помнілі пра карані свае, пра беларускую культуру. Ня ў тым стане магілы, як трэба".

У гэты ж час на магілу свайго дзеда Якуба Коласа прыйшла ягоная ўнучка Марыя Міцкевіч з мужам і сынам. Вось ейнае меркаваньне:

(Міцкевіч: ) "Больш-менш тут прыстойна — вы ж бачыце. Ну й мы тут стараемся падтрымліваць. Кожны год прыходзім зь дзецьмі — на гэтыя могілкі і таксама на Маскоўскія, дзе другі мой дзед, беларускі пісьменьнік Янка Маўр. Галоўнае, каб дзеці і ўнукі памятавалі сваіх дзядоў, сваіх бацькоў".

Усе мае суразмоўцы адзначалі жахлівы стан іншых пахаваньняў, асабліва старых, у цэнтры Вайсковых могілак. Паваленыя крыжы й помнікі, іржавыя паламаныя агароджы. А непасрэдна каля магілы народнага артыста Беларусі Арсэна Арсэнкі — вялікая гара сьмецьця, якую нанесьлі людзі, што прыбіраюць іншыя магілы.

У царкве побач ішла паніхіда па памерлых, і некаторыя прыхаджане выказалі свае думкі адносна стану могілак:

(Прыхаджанка: ) "Многа закінутых магілаў — цяпер такі час".

(Іншая: ) "Паўсюль сьмецьце. Такое ўражаньне, што зусім ніхто не глядзіць за гэтымі могілкамі. І гэта бачыць проста балюча".

На Кальварыйскіх могілках сытуацыя яшчэ горшая. У цэнтры кладоў, каля касьцёлу, — разьбітыя й паваленыя старыя надмагільлі, разбураныя пахавальныя склепы. Вельмі занядбаныя магілы вядомага палітычнага й грамадзкага дзеяча Вацлава Іваноўскага ды паэта Янкі Лучыны.

Вось меркаваньні людзей, што прыбіраюць магілы. Гаворыць Зоя Лук'янава:

(Лук'янава: ) "Калі нашыя ўлады будуць рабіць усё, каб гэтыя могілкі былі дагледжаныя, то і ў сэрцах нашых будзе і дабрыня, і любоў, і памяць, і ўсё гэта застанецца з намі назаўжды".

І Яніна Яцкевіч:

(Яцкевіч: ) "Вельмі смутна, але ж тое, што я бачу сёньня не перадаць словамі. Бо гэта такі старажытны куток нашага Менску. Я лічу, што мы павінны захоўваць нашыя карані, тое, што захоўвае ў нас належнасьць да беларускай нацыі".

Амаль усе мае суразмоўцы казалі, што ім сорамна за такі стан могілак. Некаторыя лічаць, што магілы, у тым ліку й вядомых людзей, павінны даглядаць улады, на думку іншых — сваякі. Адзінства поглядаў у гэтай справе няма.

Сытуацыя ў справе догляду могілак магла б істотна зьмяніцца, калі б усе месцы пахаваньняў належалі хрысьціянскім абшчынам і прыходам, як гэта было раней і ёсьць цяпер у суседніх зь Беларусьсю Польшчы, Літве ды іншых краінах. Некаторымі нэкропалямі, дзе пахаваныя найлепшыя прадстаўнікі гэтых народаў, сумесна апякуюцца дзяржава й царква.

Аднак у Беларусі іншая сытуацыя. У краіне няма прыватнай уласнасьці на зямлю, таму ўсе могілкі, як і за савецкім часам, знаходзяцца ў камунальнай уласнасьці. А да такой уласнасьці й стаўленьне людзей адпаведнае: дзяржаўнае — значыць нічыйнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG