Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСКІЯ ДЫПЛЯМАТЫ ХОЧУЦЬ АСПРЭЧЫЦЬ ПРАЗ СУД ДЭПАРТАЦЫЮ МІХАЛА ПЛАЎЦА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Кансультацыі, якія пачала чэская амбасада з адвакаткай Верай Страмкоўскай у справе Міхала Плаўца, маюць на мэце высьветліць, ці магчыма аспрэчыць праз суд дзеяньні беларускіх уладаў.

Страмкоўская лічыць, што, дэпартуючы чэскага грамадзяніна, улады Беларусі як найменш двойчы парушылі заканадаўства.

Міхал Плавец не пасьпеў цягам 10 дзён паінфармаваць ўлады пра зьмену месца жыхарства, аднак гэта ня можа лічыцца грубым парушэньнем закону, — перакананая Вера Страмкоўская. Найбольшае, чым можна было пакараць чэскага журналіста, — папярэджаньне альбо штраф.

(Страмкоўская: ) "Міністэрства замежных справаў Беларусі даслала ў чэскую амбасаду ліст пра тое, што Міхал Плавец быў дэпартаваны на падставе 1-й часткі 185-га артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу. Але гэты артыкул не прадугледжвае дэпартацыі, а толькі папярэджаньне альбо штраф 20 мінімальных заробкаў".

Таксама незаконна тое, што Міхала Плаўца ня проста дэпартавалі з краіны, але пазбавілі права прыяжджаць у Беларусь на 5 гадоў. Між тым, такога пакараньня ў Кодэксе адміністрацыйных правапарушэньняў Беларусі ўвогуле няма, — заяўляе адвакатка Страмкоўская.

Спадарыня Страмкоўскія зьвяртае ўвагу на тое, што Беларускае тэлебачаньне адразу пасьля інцыдэнту распаўсюдзіла хлусьлівыя зьвесткі, быццам Міхал Плавец у пратаколе прызнаў сябе вінаватым. Страмкоўская гэтыя зьвесткі абвяргае на падставе дакумэнтаў:

(Страмкоўская: ) "Гэта няпраўда. Я бачыла пратакол, які ён падпісаў. Ён нават не разумеў, што адбываецца, і таму ў пратаколе напісаў, што патрабуе абаронцу, патрабуе юрыдычную дапамогу. Гэта ня сьведчаньне прызнаньня ягонай віны".

Дарэчы, адваката да Міхала Плаўца так і не дапусьцілі, чэскага журналіста дэпартавалі, нават ня даўшы яму забраць рэчы. Страмкоўская кажа, што гэта парушэньне ня толькі міжнародных нормаў і законаў, але й невыкананьне беларускай Канстытуцыі, якая замежнікам гарантуе тыя ж правы, што й беларускім грамадзянам. На думку адвакаткі, калі чэхі зьвернуцца са скаргай у суд ці пракуратуру, закон будзе на іхным баку.

(Страмкоўская: ) "Адпаведна з нашымі законамі, прыйдзецца адмяніць гэтую пастанову і ўсё вярнуць да першапачатковага стану, які быў да 13 красавіка, бо гэта супярэчыць нашаму заканадаўству і груба яго парушае", — сказала Вера Страмкоўская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG