Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У СПРАВЕ БАНДАЖЭЎСКАГА ПАСТАНАВІЎ ПРЫМУСОВА ПРЫВЕСЬЦІ СЬВЕДАК НА ПАСЕДЖАНЬНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Рашэньне прывесьці сьведак у суд прымусова Вайсковая калегія пад старшынёўствам палкоўніка юстыцыі Сукача прыняла на пачатку сакавіка. Здарылася гэта пасьля таго, як у судзе сьведчыў дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Нацыянальнага сходу Іван Мельнікаў са Жлобіну.

Мельнікаў быў сярод апошніх, хто прыйшоў у суд па звычайнай позьве. Ён добраахвотна распавёў пра хабар 1 000 даляраў экзамэнатарцы хіміі Ліліі Ганчаровай — выкладчыца атрымала тыя грошы за паступленьне ягонай дачкі Алены ў мэдінстытут. Рэшта сьведак, 11 чалавек, на працэс не зьявіліся. А гэта амаль чвэртка з тых, што фігуруюць у крымінальнай справе.

Міліцыянты кажуць, што асобныя сьведкі, якія давалі хабар выкладчыкам мэдінстытуту, наагул пазьбягаюць судовага працэсу. Сёньня з 11 сьведак міліцыянты змаглі прывесьці ў суд толькі 4 чалавекі.

Цікава таксама, што ніхто з дапытаных у судзе сьведак не сустракаўся з былым рэктарам мэдінстытуту Юр'ем Бандажэўскім, якога сьледзтва абвінавачвае ў хабарніцтве.

У суд і на адрас найвышэйшых кіраўнікоў краіны па-ранейшаму паступаюць хадайніцтвы ад навуковых міжнародных арганізацыяў з просьбай даць магчымасьць прафэсару Бандажэўскаму займацца дасьледаваньнямі ўплыву радыяцыі на здароўе чалавека.

Апроча таго, учора ўвечары, пасьля наведваньня Веткаўскага раёну амбасадары пяці краінаў Эўразьвязу запрасілі прафэсара Бандажэўскага на сустрэчу ў гомельскі гатэль "Турыст", каб выслухаць ягоныя высновы пра наступствы Чарнобылю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG