Адміністрацыя прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джорджа Буша папярэдзіла Пэкін, што цяпер двухбаковыя адносіны паміж краінамі пагаршаюцца і так будзе да заканчэньня палону экіпажу.
Нягледзячы на тое, што прэзыдэнт ЗША накіраваў спачувальны ліст удаве загіблага кітайскага пілёта Ванга Вэя, а дзяржаўны сакратар краіны, генэрал Колін Паўэл выказаў шкадаваньне з прычыны гэтай сьмерці, жонка пілёта абвінавачвае адміністрацыю Буша ў баязьлівасьці, а Пэкін дамагаецца ад Вашынгтону афіцыйных прабачэньняў, – піша сёньняшняя New York Times.
Гэтае прабачэньне, – піша газэта, – азначае, што Злучаныя Штаты бяруць на сябе ўсю адказнасьць за інцыдэнт, але, паводле Коліна Паўэла, ЗША ня будуць выбачацца, бо наяўную сытуацыю стварылі не яны.
Згаданае шкадаваньне дзяржаўнага сакратара прыцягнула да канфлікту лінгвістаў. Слова “шкада” было перакладзена на кітайскую мову тэрмінам, які не ўлучае ў сябе паняцьця віны.
У той час, як ЗША выказваюць незадаволенасьць тым, што экіпаж іхнага самалёту ўсё яшчэ знаходзіцца ў “Чырвоным Кітаі,” – піша брытанская Independent, – аналітыкі папярэджваюць, што Злучаныя Штаты не павінныя недаацэньваць рост незадаволенасьці сытуацыяй у кітайскім грамадзтве. Паводле пэкінскага камэнтатара, які захацеў застацца неназваным, “Нацыяналізм нярэдка стымулюецца ўрадам, але гэта абасечны меч. Калі ў гэтай сытуацыі кітайскі ўрад будзе занадта слабым, ён страціць сваё аблічча, і людзі будуць незадаволеныя”. Злучаныя Штаты, – кажа пэкінскі аналітык, – не разумеюць гэтага. Яны павінны даць Кітаю прастору для манэўру, а не заганяць яго ў кут. Некаторыя вайскоўцы хочуць, каб урад абраў жорсткую лінію, і калі ЗША будуць стаяць на сваім, напружанасьць можа толькі расьці”.
Шмат якія кангрэсмэны Злучаных Штатаў у сувязі з палонам экіпажу самалёта-разьведчыка, пачалі патрабаваць узнаўленьня паставак сучасных узбраеньняў Тайваню, а таксама выступаць супраць прыняцьця Кітаю ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Пад пагрозай страты апынуліся 100 мільярдаў даляраў, выйграшных для Кітаю ў сфэры кітайска-амэрыканскіх гандлёвых адносінаў, – піша New York Times.
Пад пагрозай можа апынуцца і плянаваныя на 2008 год Алімпійскія гульні ў Кітаі, – піша Washington Post і паведамляе, што паводле апошніх апытаньняў, кожны другі грамадзянін ЗША назваў Кітай несяброўскай краінай, а кожны пяты аднёс яго да катэгорыі ворагаў. Палова апытаных заявілі, што Кітай становіць сабой ваенную пагрозу Злучаным Штатам, а 36% мяркуюць, што амэрыканска-кітайскія дачыненьні мусяць разглядацца пераважна ў рэчышчы гандлёвага партнэрства.
Гэтую думку пацьвярджае выказваньне спэцыяліста ў зьнешняй палітыцы Бостанскага Коледжу Робэрта Роса, словы якога падае сёньняшняя New York Times. “Мы, – сказаў Рос, – сапраўды ніколі ня будзем сябрамі. Але мы можам працаваць, каб ажывіць гандаль і пазьбегнуць вялікіх крызысаў альбо вайны”.