Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦЭНТРАЛЬНЫМ СУДЗЕ МЕНСКУ СУДЗІЛІ ЮРАСЯ БЕЛЕНЬКАГА


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня суд апытваў сьведак. Судзьдзя Натальля Вайцяховіч чатыры разы рабіла заўвагі прысутным, каб тыя не рагаталі падчас апытаньня супрацоўніка міліцыі Маскоўскага РАУС капітана Сідаркова. Гэты сьведка сьцьвярджаў, што Беленькі быў арганізатарам акцыі, бо "менш за ўсіх сьпяваў, а больш за ўсіх гаварыў".

Капітан Сідаркоў сказаў у судзе, што ў часе акцыі сачыў за парадкам, і распавёў, якім чынам гэта рабіў: "Я ўбачыў тралейбус на прыпынку, увайшоў у яго і гучна скамандаваў: "А ну, давайце, хутка зьяжджайце адсюль!" Ён патлумачыў суду, што на акцыі акрамя супрацоўнікаў міліцыі была "гукаўзмацняльная машына, і толькі дурны мог яе не пачуць".

Капітан Несьцярчук пайшоў далей. Ён паведаміў, што на акцыі працаваў "у якасьці камэры ў групе дакумэнтаваньня".

Юрась Беленькі сказаў прамову, дзе адзначыў, што дагэтуль ня ведае, у чым ягоная віна. Ён папрасіў суд ацаніць адпаведнасьць міліцэйскіх пратаколаў заканадаўству, бо калі яго і ўдзельнікаў акцыі абвінавачваюць, што яны размаўлялі па-беларуску й сьпявалі беларускія песьні — дык гэта нацызм.

Юрась Беленькі паведаміў Радыё Свабода:

(Беленькі: ) "Вельмі паказальныя былі слуханьні на судовым працэсе. Мо парадаксальна гэта прагучыць, але я ўсьцешаны тым, што адбылося. Раскрыліся захады ўладаў дзеля фальсыфікацыі, і мы пабачылі, што прадстаўнікі ўладаў былі вельмі напалоханыя.

Абсалютна відавочная палітычная замова, зусім відавочна, што загадзя быў вызначаны прысуд. Але нечакана для судзьдзі адкрыліся факты, што сьведчаць пра фальсыфікацыі з боку міліцыі. Таксама раскрыліся факты вельмі грубага парушэньня працэсу судзьдзёй. Улады трапілі ў вельмі няёмкую сытуацыю.

Цікава, што суд гэтак і не патлумачыў, які артыкул Закону аб шэсьцях, дэманстрацыях ды пікетах я парушыў", — сказаў намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі ў судовай залі Цэнтральнага суду.

Пасьля выступу адвакаткі Юрася Беленькага Веры Страмкоўскай судзьдзя абвесьціла перапынак да серады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG