Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРАФСАЮЗЫ ЛІЧАЦЬ НЕАБГРУНТАВАНЫМ АБВІНАВАЧАНЬНЕ РАСЕЙСКАГА МІНІСТЭРСТВА ПРАЦЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Расейскае Міністэрства працы ў лісьце да Міжнароднай арганізацыі працы кваліфікавала супольную акцыю беларускіх прафсаюзаў і Міжнароднай арганізацыі працы як правакацыю дзеля дыскрэдытацыі беларуска-расейскага саюзу.

Інакш лічыць адзін з удзельнікаў паездкі, старшыня прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "Гэта выпадак, супалі даты. Ужо даўно было вядома, што шэраг прафсаюзаў Беларусі падаў скаргу ў Міжнародную арганізацыю працы, скаргу разгледзелі пры канцы сакавіка.

Таксама значна раней была заплянаваная й прэс-канфэрэнцыя. Наш удзел у ёй аніяк ня быў зьвязаны з учорашнімі падзеямі ў Маскве — я маю на ўвазе 5-ю гадавіну ўтварэньня саюзу", — зазначыў Аляксандар Ярашук.

На думку лідэра прафсаюзу беларускіх аграрнікаў, дакумэнт расейскага Міністэрства працы — вынік фантазіі ягоных чыноўнікаў. З другога боку, паводле словаў Ярашука, Масква чамусьці ўпарта не жадае бачыць антыпрафсаюзных ініцыятываў беларускага кіраўніцтва.

Гаворыць яшчэ адзін удзельнік учорашніх падзеяў, прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) "Я ня ведаю, чаму так лічыць расейскі міністар працы й чаму ён ня лічыць, што парушэньне правоў беларускіх прафсаюзаў нэгатыўна ўплывае на дачыненьні Беларусі й Расеі".

(Карэспандэнт: ) "Пра што казалі падчас прэсавай канфэрэнцыі?"

(Бабаед: ) "Задалі некалькі пытаньняў палітычнага зьместу. Усе ўдзельнікі зь беларускага боку адзначылі, што вельмі добра ўспрымаюць эканамічную інтэграцыю Беларусі й Расеі. Але гэта не павінна прывесьці да страты нашай краінай дзяржаўнай незалежнасьці.

Я яшчэ падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад гатэльнага комплексу "Ізмайлаўскі". Там стаіць флягшток зь вялікім сьцягам расейскай дзяржавы. А ніжэй сьцягі суб'ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Чацьвертым у гэтым шэрагу — сьцяг Беларусі. Мяне як беларускага грамадзяніна такое зьняважлівае стаўленьне расейцаў да беларускага сувэрэнітэту вельмі абурае", — зазначыў лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG